03.01.2008 / 15:34

Пагоня па вуліцах Сьветлагорску

Першага студзеня вуліцы гораду нагадвалі сцэны з амерыканскага баевіка.

Першага студзеня вуліцы Светлагорска нагадвалі сцэны з амерыканскага баевіка. Па вуліцах гораду на вялікай хуткасці і з гучным ровам насіўся аўтамабіль «Аўдзі». Яго пераследавала міліцыя.

Гэта працягвалася болей за гадзіну. Нарэшце, каля 16 гадзін на перакрыжаванні ля індустрыяльнага каледжу «Аўдзі» на вялікай хуткасці павярнула на вуліцу Шашэйная, у накірунку маста праз чыгунку. Аднак не ўпісалася ў паварот, перасёкла паласу сустрэчнага руху і з’ехала з узбочыны. Міліцэйскі аўтамабіль, які пераследваў парушальніка, рэзка затармазіў, ад чаго яго развярнула. З прычыны непрацоўнага дня тут было нешмат удзельнікаў дарожнага руху, і насустрач не рухаўся транспарт — гэта дазволіла абысціся без драматычных наступстваў.

«Аўдзі» спыніўся ў прыдарожным кустоўніку, пазбегнуўшы сутыкнення з металічнай агароджай каледжа. Па словах відавочцаў, у пагоні былі задзейнічаныя тры аўтамабілі, а кіраваў затрыманнем інспектар Кажадуб.

Парушальнікам быў мужчына гадоў трыццаці, прыстойна апрануты і саліднага выгляду.

«Аўдзі» адбуксіравалі. Што сталася прычынай такой язды — ужытае ў навагоднюю ноч спіртное ці штосьці іншае — стане вядомым пасля афіцыйнага паведамлення міліцыі аб здарэнні.

bulletinonline.org

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру