23.12.2014 / 09:08

Каха Бэндукідзэ: найбольшая страта для постсавецкай прасторы за 2014 год 2

У цяперашнім эканамічным крызысе Беларусь павінна пільней прыглядацца да вопыта рэформаў, зьдзейсьненых Бэндукідзэ ў Грузіі

Сорак дзён таму ня стала Кахі Бэндукідзэ - выбітнага харызматычнага грузінскага эканаміста, рэфарматара і асьветніка.

Бачучы цяперашні паступовы абвал расейскай эканомікі, а за ёй і беларускай, я думаю, што Бэндукідзэ і ягоных парадаў усім нам у 2015 годзе будзе не хапаць усё больш і больш.

Ягоная раптоўная сьмерць сталася адной з найбольшых стратаў для ўсяе постсавецкае прасторы, усяго расейскамоўнага сьвету, за ўвесь і без таго невясёлы 2014 год.

Намаганьнямі прэзыдэнта Саакашвілі і архітэктара эканамічных рэформаў Бэндукідзэ бедная галечная Грузія зьдзейсьніла нешта сапраўды блізкае да цуду і літаральна вырвалася зь бездані, паралельна падараваўшы сьвету шэраг унікальных know-how у сфэры дзяржаўнага будаўніцтва і рэфармаваньня эканомікі.

Па выніках праведзеных Бэндукідзэ рэформаў Грузія выйшла на дзьвюхзнакавыя тэмпы росту ВУП, стала адным з сусьветных лідараў што да простасьці вядзеньня бізнэса, празрыстасьці і эфэктыўнасьці дзяржаўнага кіраваньня. Краіна вытрымала вайну з Расеяй у жніўні 2008 года, вытрымала шматгадовую расейскую эканамічную блякаду, вярнула ў свой склад Аджарыю.

Бэндукідзэ - гэта той чалавек, які знайшоў адзіны магчымы ключ да пасьпяховых рэформаў на постсавецкай прасторы, прапанаваў адзіную пасьлядоўную пазытыўную зьмястоўную альтэрнатыву алігархічным постсавецкім рэжымам рознай ступені карумпаванасьці, папулізма і дыктатарскасьці.

Падыход Бэндукідзэ ў тым, што неэфэктыўную сыстэму дзяржаўнага кіраваньня немагчыма рэфармаваць, яе трэба мінімізаваць, касаваць, і на яе месцы ствараць новую: кампактную і эфэктыўную.

Карупцыю нельга перамагчы толькі рэпрэсіўнымі мерамі (хаця без рэальных пасадак забарнікаў у турму таксама нельга). 

Трэба прыбіраць глебу з-пад ног карупцыі: карупцыянэр харчуецца перадусім на рэгуляваньні, а значыцца менавіта гэтае рэгуляваньне і ўвогуле ролю дзяржавы і чыноўніка ў эканоміцы трэба скарачаць і спрашчаць настолькі, наколькі гэта толькі магчыма.

Вам не патрэбнае ліцэнзіяваньне прадукцыі, якая і так ужо ліцэнзіяваная і пракантраляваная ў Эўрапейскім Зьвязе. Вам не патрэбная антыманапольная служба, калі ў вас нармалёва працуюць рынкавыя мэханізмы. Вам не патрэбна шмат складаных падаткаў, якія немагчыма сабраць і заплаціць - вам трэба мець мала падаткаў, якія проста плаціць і зьбіраць.

Вам ня трэба мець дзяржаўныя прадпрыемствы і клапаціцца пра кіраваньне імі, калі з гэтым лепш дадуць рады прыватнікі. Усё, што можна прыватызаваць, трэба прыватызаваць: «Прадаецца ўсё, акрамя сумленьня», кажа адна з найбольш вядомых цытатаў Бэндукідзэ.

Пры гэтым у адрозьненьне ад некаторых постсавецкіх лібэралаў Бэндукідзэ вучыў, што пасьпяховыя рэформы немагчыма зрабіць, сьлепа капіюючы заходнія інстытуты і мадэлі. Як мінімум гэта будзе ўсё адно, што ставіць вагоны перад лякаматывам (навешваць вялікую сацыяльную нагрузку на непрацуючую эканоміку). А ў сутнасьці гэта можа апынуцца імпартам адпачатку неэфэктыўнай і заганнай сыстэмы, дзе разьмеркаваньне робіцца важнейшым за стварэньне.

Моцная дзяржава - гэта ня тая дзяржава, якая рэгулюе кожны крок чалавека і ня тая дзяржава, дзе чыноўнікі займаюцца кіраваньнем прадпрыемствамі замест прыватнікаў. Моцнасьць вызначаецца не грувасткасьцю бюракратыі і не ўсюдыіснасьцю чынавецкага кантролю, а эфэктыўнасьцю і якасьцю дзяржаўных паслуг.

Сіла дзяржавы - ва ўсьведамленьні ўсім грамадзтвам таго, што дзяржава - не сакральны інстытут і не карміцель, а сэрвісная арганізацыя, якая атрымлівае ад людзей грошы і якая гэтыя грошы павінна адпрацоўваць. Падаткаплацельшчыкі - не падданыя прэзыдэнта і не прыгоньнікі, а кліенты дзяржавы. А кліент, як вядома, заўжды мае рацыю.

Каб атрымаць шанец на прарыў, Грузіі давялося апусьціцца на самае дно. Беларусі пашанцавала хаця б мець перад сабою гэты пасьпяховы прыклад. Каб вучыцца на грузінскім прыкладзе і, напрыклад, палепшыць свае пазыцыі ў рэйтынгу Doing Business, Беларусі не давялося прайодзіць празь некалькі войнаў і страту часткі тэрыторыі.

Мне некалькі разоў пашчасьціла быць на выступах Бэндукідзэ і нават гутарыць зь ім асабіста. Цікавая выпадковасьць - нараніцу пасьля навіны пра ягоную сьмерць мне давялося ў першы раз апынуцца ў Тбілісі, які цяпер шмат у чым стварае нашмат больш «эўрапейскае» ўражаньне, чым эўрапейскі Менск.

Неардынарнасьцю, нязвыкласьцю, і пры гэтым эфэктыўнасьцю сваіх ідэяў, сваёй філязофіяй Каха Бэндукідзэ перакуляў сьветапогляд постсавецкага чалавека.

І нават тое, што Бэндукідзэ прамяняў статус расейскага алігарха на ролю непапулярнага міністра-рэфарматара ў надзвычай складаны для ягонай радзімы час, а потым стаў займацца асьветніцтвам і разьвіцьцём унівэрсытэтаў - ці можам мы ўявіць сабе такое хоць каго яшчэ зь беларускіх ці расейскіх алігархаў?

Нам усім трэба памятаць пра ўнікальны вопыт і важную інтэлектуальную спадчыну Бэндукідзэ. Добра, што што некалькі ўрадоўцаў часоў Саакашвілі і Бэндукідзэ цяпер атрымалі пасады ў новым кіраўніцтве Ўкраіны. Будзем спадзявацца, што як атрымалася зьдзейсьніць прарыў ў Грузіі, так атрымаецца і ва Ўкраіне. І што да пасьпяховага вопыта Грузіі ў цяперашні крызісны час пільней прыгледзяцца і ў Беларусі.

Што яшчэ пачытаць:

Урокі лібэральных рэформаў у Грузіі (рас.)

Каха Бэндукідзэ — пра капіталізм, эканамічныя рэформы і інвэстараў у інтэрвію «Нашай Ніве» (2011 г.)

Апошнія выступы Кахі Бэндукідзэ (відэа, рас.)

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Алесь Чайчыц

0
мінак / Адказаць
23.12.2014 / 10:15
Калі зваліцца на самае дно, то ўздым сам па сабе забяспечан, бо застаецца шлях толькі ўверх. Вучыцца ў тых хто правёў некалькі войн на сваёй тэрыторыі, гэта значыць не знайшоў мірных шляхоў -- мабыць ёсьць вялікая глупства. Вось Казахстан ні з кім не ваяваў, і мае добрыя паказчыкі эканамічнага развіцця. У Грузіі Гамсахурдыя наламаў дроў, з яго ўсё і пачалося...
0
Алесь Чайчыц / Адказаць
26.12.2014 / 23:56
мінак, дык вучыцца не таму, як весьці войны, а як потым адраджацца. Ім у гэтым сапраўды прасьцей: калі больш няма, куды падаць, дык застаецца толькі расьці. Калі дзяржаўныя інстытуты і эканоміка не татальна недзеяздольныя, больш спакуса "тут падкруціць - там падладзіць, раптам запрацуе" замест таго, каб больш рашуча рэфармаваць усё. Казахстан тут параўноўваць, мне здаецца, ня варта: гэтая адносна невялікая па насельніцтву краіна мае велізарныя запасы прыродных рэсурсаў, пачынаючы з нафты і газу. Тое ж самае Азэрбайджан.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру