03.01.2008 / 18:25

Чаргінец перадасьць адсуджаныя ў "Новага часу" грошы псіхіятрычным лячэбніцам Абноўлена, дадалася стэнаграма 7

Пра гэта ён заявіў на прэс-канфэрэнцыі 3 студзеня.

Пра гэта ён заявіў на прэс-канфэрэнцыі 3 студзеня.

Па словах сэнатара, ідэю яму падказалі публікацыі "Народнай волі".

Нагадаем, што 20 сьнежня суд задаволіў пазоў Мікалая Чаргінца да газэты "Новы час" і журналіста Аляксандра Тамковіча аб абароне гонару і годнасьці.

Паводле рашэння Першамайскага суда Мінска прыватнае прадпрыемства «Час навінаў» мусіць выплаціць дэпутату Савету Рэспублікі 50 млн. рублёў, журналіст Аляксандр Тамковіч — 1 млн. рублёў.

***

Стэнаграма прэс‑канфэрэнцыі дэпутата Савету Рэспублікі і старшыні саюзу пісьменьнікаў Мікалая Чаргінца.

— Спадар Чаргінец, як вы ацэньваеце нядаўнія заявы пасла ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт аб тым, што Амэрыка гатовая павялічыць санкцыі супраць Беларусі, а таксама рэакцыю Аляксандра Лукашэнкі на гэтыя заявы?

Словы нашага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненьні ЗША — гэта апошняя перасьцярога. ЗША займае ў дачыненьні да Беларусі такую пазыцыю, як да неразьвітых краін. У адносінах да Беларусі такая пазыцыя ня пройдзе. Ня трэба забывацца, што Беларусі і ЗША зьяўляюцца сузаснавальнікамі ААН. Ня так ужо і шмат такіх краін. Мы павінны знаходзіць паміж сабой нейкія іншыя словы, каб будаваць адносіны. Другі пункт: памятаеце, калі Беларусь выводзіла з сваёй тэрыторыі ядзерную зброю, ЗША абяцала, што гарантуе, каб ніхто не прымяняў супраць нас, у тым ліку і яны самі, ніякіх эканамічных санкцый. Тады ж гаворка ішла аб аграмаднай колькасьці ракет зь ядзернымі баегалоўкамі, у тым ліку 81 міжкантынэнтальнай балестычнай ракеце. Гэтыя ракеты былі накіраваныя, канечне ж, не на бліжэйшых суседзяў. Беларусь не атрымала за гэта ні цэнту, хаця магла патрабаваць мільярды. Цяпер ЗША на тыя дамоўленасьці наплявала. Зроблена гэта праз тое, што ў Вашынгтон прыяжджаюць пяць‑шэсьць нашых так званых апазыцыянэраў, я кажу «так званых», бо паважаю апазыцыянэраў, якія змагаюцца за інтарэсы сваёй краіны, а не патрабуюць увесьці супраць нас эканамічныя санкцыі. Калі ў нас здараецца нейкая бяда, то глядзіце, што пішацца ў апазыцыйнай прэсе, якая фінансуецца з Захаду, яны гэтаму толькі рады. ЗША чамусьці не падабаецца, што Беларусь будуе адносіны з Вэнэсуэлай. Пасол ЗША, на жаль, занадта дапытлівая дама, якая ўлазіць у нашы ўнутраныя справы. Яна з асалодай назірае за рознымі пратэстамі і маніфэстацыямі ў краіне, нібыта такіх няма ў Нью‑Ёрку ці Вашынгтоне. Было сказана: спадарства, паводзьце сябе прыстойна, як гэтага патрабуюць дыпляматычныя нормы. Я ня думаю, што справа дойдзе да адкліканьня пасла. Мы за супрацоўніцтва з ЗША, каб нарэшце перамог здаровы сэнс у нашых адносінах.

— Ці ёсьць у Вас спадзяваньні, што адносіны між Беларусьсю і ЗША выйдуць на іншы ўзровень пасьля прэзыдэнцкіх выбараў за акіянам?

— Мы гатовыя да паляпшэньня адносінаў ва ўсіх накірунках ужо цяпер. Магу сьмела заявіць, што прэзыдэнт Беларусі хоча таго самага. А тое, што мы чакаем паляпшэньня ў адносінах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША — гэта праўда. Разумееце, мець справу з чалавекам, які не заўсёды адкажа на пытаньне, дзе знаходзіцца тая Беларусь, цяжка. Я спадзяюся, што сіла здаровага розуму, раўнавагі, якія ўласьцівыя амэрыканцам, пераможа ў электараце гэтай краіны. Мы не высоўваем ЗША ніякіх умоваў, мы працягваем ім руку і кажам, што хочам зь імі сябраваць. Проста выбраны амэрыканцамі прэзыдэнт аказаўся няўдачнікам у міжнародных адносінах, мы пераканаліся ў гэтым на прыкладзе Іраку і Аўганістану.

— Куды Вы зьбіраецеся патраціць грошы, якія выйгралі на судзе ў газэты «Новы час»?

— Я ніколі ня думаў прысвойваць сабе гэтыя сродкі. Яны пойдуць на лячэньне ў псіяхіятрычныя шпіталі. І не ад таго, што я некага хачу ўкалоць. У мяне з сабой газэта «Народная воля», дзе напісана, што ў Беларусі ёсьць праблемы зь лячэньнем псіхічна хворых. Гэты артыкул і падказаў мне, куды аддаць грошы. Я не задаволены, што ў нас ёсьць журналісты, якія губляюць пачуцьцё меры і сумленьня. Калі параўноўваць Чаргінца з Тамковічам, то пакуль ён вучыўся ў палітычнай вучэльні ў Львове, я ваяваў у Аўганістане. На жаль, і Кароль са сваёй газэтай улез у гэтую справу, нягледзячы на тое, што ён ужо вісеў на валаску такой справы за паклёп. Аднак я яму дараваў тады. Я не хачу закрыць газэту, няхай яна працуе, калі ласка. Але трэба мець элемэнтарнае пачуцьцё сумленьня.

— Мікалай Іванавіч, у якім стане сёньня знаходзіцца Канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі?

Папраўдзе кажучы Канстытуцыйныя акты — гэта мой нейкі душэўны боль. Я ўдзельнік усіх рабочых груп па падрыхтоўцы Канстытуцыйных актаў. Спачатку ён ствараўся ў рамках парлямэнтаў Беларусі і Расеі, пасьля ў рамках кожнай з краін, затым — стварылі нейкі сымбіёз з папярэдніх груп, а ўжо затым два прэзыдэнты стварылі рабочую групу. Мы працавалі вельмі прадуктыўна, бо мелі добрыя напрацоўкі. Я лічу, што мы падрыхтавалі вельмі добры Канстытуцыйны акт. Там засталося некалькі нявысьветленых момантаў, якія будуць рашаць самі кіраўнікі дзяржаў. Гэта пытаньне, каму кіраваць саюзнай дзяржавай: прэзыдэнту зь віцэ‑прэзыдэнтам, ці пакінуць вышэйшы савет, як цяпер, ці прыдумаць яшчэ нешта. І другое пытаньне: адзіны эмісійны цэнтар. Я лічу, што гэтыя пытаньні не такія ўжо складаныя. Цяпер да выбараў прэзыдэнта ў Расеі, пытаньне акту вырашацца, ясная справа, ня будзе. Сёлета мы, магчыма, ужо да той крокі пасьля якой дарогі назад няма. На гэта трэба спадзявацца.

Зьміцер Панкавец

0
Я / Адказаць
03.01.2008 / 16:46
правильно, чтоб после нормально кормили и ухаживали))))))
0
Ха / Адказаць
03.01.2008 / 17:05
Я. вы проста скралі маю думку на гэты конт :)))) Відаць, што так і будзе :)))
0
ВК / Адказаць
03.01.2008 / 17:37
Яскравы прыклад празарлівасьці жывога класіка нашай літарутуры :)))
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру