Сёння асноўны персанаж Раства — Святы Мікалай (Санта-Клаўс, а дакладней яго фінская версія Ёулупукі) адправіўся на аленевай запрэжцы (відэа) ў сваё галоўнае падарожжа гэтага года.

Мільёны дзяцей па ўсім свеце чакаюць яго візіту і, вядома, падарункаў.

У мяшку сабраны падарункі на аснове пажаданняў, якія дайшлі да Санты за год. Па дадзеных фінскай службы навінаў Yle.fi, у мех патрапілі планшэтныя камп'ютары, трэкеры актыўнасці, канструктары і настольныя гульні.

Перамяшчэнне Святога Мікалая адсочваюць вайскоўцы ЗША. Калісьці памылкова тэлефон ваеннай базы Пітэрсан быў надрукаваны ў прэсе, і ўсю ноч на 25 снежня на базу тэлефанавалі дзеці, цікавячыся шляхам Святога Мікалая.

Вайскоўцам прыйшлося цярпліва паведамляць дзецям шлях Св. Мікалая, а з таго часу адсочванне шляху вайскоўцамі стала традыцыяй, прыгожа аформленай у Інтэрнэце. Шлях таксама ілюструецца відэаролікамі палёту над рознымі краінамі.

Сачыць алнайн за перамяшчэннямі можна з другой паловы дня 24 снежня на гэтым сайце.