Пытанні развіцця гарадоў-спадарожнікаў павінны разглядацца комплексна. Гэтага запатрабаваў сёння на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч. Адным з пытанняў, якія разглядаліся сёння, стала канцэпцыя развіцця гарадоў-спадарожнікаў.

«Гэта не проста нейкае дзяжурнае пытанне: яно вельмі важнае для развіцця нашай краіны ў цэлым, паколькі гарады-спадарожнікі — гэта не толькі сялібныя пляцоўкі (там, дзе будзе будавацца жыллё). Мы павінны вырашыць там усе пытанні, звязаныя з інфраструктурай, сацыяльнымі аб'ектамі»,

— сказаў прэм'ер. Пры гэтым галоўнае, на што трэба звярнуць увагу, гэта стварэнне ў гэтых гарадах новых рабочых месцаў.

У рамках указа ад 7 мая 2014 года зацверджаны пералік горадабудаўнічай дакументацыі, у адпаведнасці з якім вядзецца распрацоўка генеральных планаў такіх гарадоў — спадарожнікаў Мінска, як Дзяржынск, Заслаўе, Лагойск, Фаніпаль, Рудзенск, Смалявічы. Завяршыць яе, паводле слоў міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Чорнага, плануецца да 1 сакавіка 2015 года. Да 1 чэрвеня генпланы ва ўстаноўленым парадку неабходна будзе ўнесці ў Саўмін для прадстаўлення кіраўніку дзяржавы.

Як адзначыў Анатоль Чорны, з улікам таго, што з 2017 года аб'ём будаўніцтва жылля ў Мінску будзе зніжаны да 500 тыс. кв.м у год, у гарадах-спадарожніках плануецца размясціць да 2030 года да 120 тыс. жыхароў сталіцы.

«Уласны дэмаграфічны патэнцыял у гарадах-спадарожніках за гэты перыяд складзе каля 20 тыс. чалавек. Такім чынам, агульная колькасць насельніцтва гарадоў-спадарожнікаў павялічыцца з 94 тыс. на сёння да 230 тыс. да 2030 года»,

— сказаў міністр.

Адной з асноўных задач жыллёвага будаўніцтва ў гарадах-спадарожніках будзе выкарыстанне механізмаў ільготнага крэдытавання. Жыхары гэтых гарадоў нараўне з жыхарамі гарадоў з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. могуць карыстацца льготным крэдытам у памеры 10 працэнтаў стаўкі рэфінансавання. Акрамя жылля, у гарадах-спадарожніках будзе актыўна стварацца неабходная інфраструктура.

Што датычыцца новых працоўных месцаў, то іх плануецца стварыць каля 75 тыс., не менш як 40 працэнтаў з якіх — у сферы паслуг. Размяшчэнне вытворчасцей будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці са спецыялізацыяй гарадоў-спадарожнікаў па галінах эканомікі.

Анатоль Чорны прывёў лічбы па плануемым павелічэнні колькасці насельніцтва ў кожным з гарадоў-спадарожнікаў да 2030 года, а таксама росце аб'ёмаў жыллёвага фонду. У сярэднім яны вырастуць у 2-3 разы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?