25.12.2014 / 10:59

Андрэй Хадановіч. Батлейка. Калядны верш 3

Зорка сняжынкай упала дзяўчынцы на вейкі.
Дзед Мароз паслізнуўся на мандарыне.
Сёння, адзін раз на год, прадстаўленне батлейкі,
што адчыніць вам дзверы чароўнай скрыні!

Наша батлейка вялікая, трохпавярховая,
і на кожным паверсе — усё, што трэба.
На сярэднім — зямля, пастушкі, цар Ірад з аховаю.
На высокім — калядная зорка і неба.

На падземным паверсе — грэшнікі й пекла,
замест катлоў і патэльні — метро, у гадзіну пік…
Рэжысэр хвалюецца — публікі панабегла,
дваццаць вякоў на сцэне, а ўсё не прывык.

Напагатове яслі, анёлы, жывёла.
Смерць рэжа торт касою. Рукі ў чырвоным цесце.
Ірад закручвае гайкі. Сюжэт раскручвае колы.
«У Бэтлееме, убогім доме…» Далей па тэксце.

Зорка, як водзіцца ў зорак, капрызнічае, аднак
потым спускаецца з неба, і гэта знак,
што, насуперак Іраду, перамагае дабро.
Нават у пекле амністыя. Магі выходзяць з метро,

а над зямлёю — анёлы! Звычайны люд
бачыць што бачыць і радуецца: «салют!»
Бог нарадзіўся. Магі нясуць прэзенты.
Тут і батлейкі канец. Хто слухаў, апладысменты!

На паклон выклікаюць мядзведзя з казою.
Дзеткі ўплятаюць слодычы. Вяжа вусны хурма.
Гледачы спахапіліся, клічуць і смерць з касою,
а смерці няма.

0
Ўладзімір / Ответить
25.12.2014 / 16:10
шыкоўна! жыве Беларусь! Дзякуй за асалоду.
0
N.M. / Ответить
25.12.2014 / 23:39
Дзякуй, Андрэй!
0
Снежань / Ответить
26.12.2014 / 09:52
Гэта паэзiя найвышэйшага кшталту. Талент ад Бога
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера