У чацьвер выбарцы амэрыканскага штабу Аёва даюць старт доўгаму марафону. Камэнтар.

У чацьвер выбарцы амэрыканскага штабу Аёва даюць старт доўгаму марафону амэрыканскіх перадвыбараў, у часе якіх партыйныя актывісты абіраюць кандыдата ад сваёй партыі на прэзыдэнцкія выбары, што адбудуцца пад канец наступнага году. Амэрыканская дэмакратыя такая, што з пэўнасьцю прадказаць, хто стане пераможцам, надзвычай цяжка. Сымпатыі мяняюцца, фармуюцца, гартуюцца ў часе незьлічоных публічных дэбатаў і сустрэчаў з выбарцамі.

Беларуская эміграцыя традыцыйна падтрымлівала рэспубліканцаў як правых і схільных да больш жорсткай палітыкі ў дачыненьні да Савецкага Саюзу.

Сёньня ранейшыя падзелы мяняюцца. Дэмакраты вабяць новую хвалю эміграцыю больш лібэральным стаўленьнем да чужынцаў і меншасьцяў.

Сярод рэспубліканцаў асабіста знаёмы зь беларускай сытуацыяй сэнатар Маккейн. Ён жа добра падрыхтаваны да вядзеньня справаў з Расеяй.

У дэмакратаў найлепш абазнаная ў міжнародных пытаньнях сэнатарка Клінтан.

А вось хто з кандыдатаў — Маккейн, Хакабі, Ромні, Джуліяні або Клінтан, Абама — прапанаваў найясьнейшае бачаньне будучыні Амэрыкі і сьвету, хто сумее заручыцца даверам, стане трохі відней пасьля галасаваньня ў Аёве.

Падставовым жа беларускім нацыянальным інтарэсам ёсьць на сёньня пытаньне цэнаў на нафту і іншыя энэрганосьбіты. Кіраваньне Буша выпала для Беларусі фатальным, бо цэны на нафту дасягнулі пры ім рэкордных памераў. Ёсьць іронія лёсу ў тым, што напярэдадні перадвыбараў у Аёве цана барэля нафты перакрочыла сымбалічную мяжу 100 даляраў. Можна спрачацца, залежыць гэта ад інтарэсаў Буша і ягонай каманды ў нафтавым бізнэсе Тэхасу, але амаль адназначна, што беларускім інтарэсам на сёньня найлепш адпавядаў бы той кандыдат, які здолеў бы зьнізіць цэны на нафту. Гэта быў бы найлепшы ўнёсак у беларускую дэмакратыю, гаспадарчае працьвітаньне, але і найбольшы ўдар па тыранічных рэжымах у сьвеце, большасьць якіх на сёньня грунтуецца на даходах ад нафты або субсыдыях ад багатых нафтаю патронаў.

Вось толькі хто здатны? Адгадаць няпроста.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?