04.01.2008 / 10:40

Данчыку — 50 8

3 студзеня аднаму з самых адметных беларускіх сьпевакоў і журналістаў споўнілася 50 гадоў.


Данчык

Данчык (Багдан Андрусішын) нарадзіўся, вучыўся і пражыў большую частку жыцьця ў Нью‑Ёрку. Ягоны бацька Паўло — украінец, а маці Юлія — беларуска. Зь дзяцінства Данчык выдатна ведае і беларускую, і ўкраінскую мовы. Калі яму было 16 год, ён трапіў на канцэрт «Песьняроў», — ансамбль гастраляваў у Амэрыцы. А ўжо праз год Данчык запісаў свой першы альбом, які стаўся першай беларускай кружэлкай у ЗША. «Беларусачка» была запісаная ў 1977 годзе ў ЗША і выдадзеная на кампакт‑дыску праз 30 год ў Менску. Пасьля Данчык запісаў яшчэ пяць альбомаў.

Апошні альбом, «Калядныя песьні», запісаны Данчыкам у 1997 годзе, пасьля апошняга канцэрта ў Амэрыцы, калі ён заявіў, што спыняе сваю музычную кар’еру. Асноўным заняткам Данчыка стала журналістыка.

Цяпер «Беларуская музычная альтэрнатыва» распачала ў Беларусі перавыданьне на кампакт‑дысках усіх альбомаў Данчыка — нядаўна, 19 сьнежня 2007 году, у менскай сядзібе БНФ прэзэнтаваліся адразу тры кампакт‑дыскі Данчыка.

Кіраўнік праекту Віталь Супрановіч і музыказнаўца Вітаўт Мартыненка дапоўнілі і ўдакладнілі выданьне дыскаграфіі Данчыка, адшукалі і дадалі альбом украінскіх песень у ягоным выкананьні. У адзін з дыскаў увайшоў і дакумэнтальны фільм «Данчык», зьняты «Беларусьфільмам» падчас прыезду сьпевака ў Беларусь у 1989 годзе.

Слухачы Данчыка ведаюць, слухаюць, любяць і чакаюць з новымі канцэртамі.

Музычны крытык зь Менску Зьміцер Падбярэскі паведаміў, што прадстаўнікі музычна‑клюбнай сфэры Беларусі ўжо зьвярталіся да яго з сур’ёзнымі запытамі адносна магчымых канцэртаў Данчыка, і нават выдатныя беларускія гітарысты, якія маглі б падыграць сьпяваку, ужо вызначаныя.

«Добра было б, каб Данчык прыехаў з канцэртам — гэта было б проста класна», — кажа Зьміцер Падбярэзкі.

Паводле: Тацяна Поклад, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Кот / Адказаць
04.01.2008 / 16:56
Было б класна, калi б гэты канцэрт адбыўся на стотысячнай плошчы....
0
Віктар / Адказаць
04.01.2008 / 21:23
Прыязжайце калі ласка пане Данчык напоўніце Беларусь музыкай. Шчыра Ваш Віктар
0
daroha / Адказаць
05.01.2008 / 03:54
[web@nn.by: 2.6.1., 2.6.2.]
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру