Злятаў упершыню за доўгі час у Кіеў.

На вылеце, на пашпартным кантролі наша фсб-шная аўчарка скрозь зубы з шыпеннем і сліной працадзіла: «зачччем в-в Ки-иев?» І доўга круціла маю пашпарціну, прасвечвала старонкі, потым клікала яшчэ некага, і яны разам звяралі мяне жывога з фота.

Па прызямленні ў Жулянах толькі запоўніў паперку нейкую фармальную. Білет назад быў, праўда, адразу з сабой.

Мытнік толькі пацікавіўся, колькі гадоў віскі, які вёз у падарунак з д'юці-фры. Прапанаваў адкаркаваць і разам праверыць. Той усміхнуўся і прапусціў.

Што я магу сказаць… Кіеў жывы і горды. Таксісты адразу распазнавалі ўва мне маскаля. Але ні грама агрэсіі. Больш цікавіліся коштам у нас камуналкі, настроем людзей і іншымі бытавымі рэчамі.

Павезлі мяне па месцах Майдана. Спыняліся ля імправізаваных сцен памяці з імёнамі і фота загінуўшых.

Зайшоў у «Сільпо». Пастараўся прабегчыся бегла ўздоўж прылаўкаў, хоць патрэбен быў толькі сок і цукеркі. Мінімум, я гэта сцвярджаю, мінімум палова прадуктаў, а па некаторых пазіцыях — напрыклад, сокі, піва, цукеркі — дык увогуле 2/3 мясцовай вытворчасці. І вельмі-вельмі якасна спакаваныя і зробленыя.

Украіна не залежыць так ад імпарту, як «вечна ўстаючая». А значыць, лягчэй усё перанясе.

Падазраю, ніжнія межы крызісу ў нас ва ўсіх будуць аднолькава нізкімі і цяжкімі. Але Украіна хутчэй пойдзе ўверх.

Расійскі газ, кажаце? Я не ведаю адкуль ён, але ў гатэлі цёпла, светла, гарачая вада. Ніхто нават не задумваецца пра нейкі газавы крызіс. Навошта наогул ім трэба было кагосьці шантажаваць на дзяржаўным узроўні.

Гаспадыня міні-гатэля пазнала мяне па гаворцы, але пашпарт нават не спытала. Адвяла ў лепшы свабодны пакой. Ні намёку на агрэсію.

На касе ў краме дзяўчына нешта пачала мяне пытацца на ўкраінскай, я разгубіўся, адказаў на рускай, што не ўсё зразумеў, што яна мне кажа. Але ўкраінскі вучу і ў наступны візіт ужо змагу тлумачыцца лепш. Тая ветліва сказала, што я даў лішняга. Ні намёку на агрэсію.

Ноччу цалкам спакойна купіў у нейкім шапіку мясцовую сімку. Без пашпарта. Ау, фсб)

Усю ноч праспаў пад надзіва прыгожыя ўкраінскія мелодыі па спадарожніку.

Часу было вельмі мала, на наступны дзень назад. На ўкраінскай мытні толькі спыталі, ці вязу назад нейкія каштоўнасці культурныя, паказаў бранзалетку, падарунак дачцэ таварыша. Прапусцілі з усмешкай.

Ужо тут, пасля пашпартнага кантролю, па дарозе на выхад, супрацоўнікі фсб спынялі 3 разы. З просьбай паказаць зноў пашпарт. І кожны раз доўга яго вывучалі, зноў пытанні пра мэты візіту ў Кіеў. Адказваў «51 арт. Канстытуцыі РФ». Іх твары трэба было бачыць… «Чаму зусім без багажу?» — «51 арт. Канстытуцыі РФ», «У каго спыняліся?» — «51 арт. Канстытуцыі РФ». Што яны чакалі пачуць?

Як Расія да такога дажыла? Выйшаў, закурыў, чытаю навіны. А між тым, афіцыйны курс 58,35. А гатоўка пад 80.

Успамінаю паліцы магазінаў… там і тут. Прыбіраем ўсё імпартнае ў нас — дык пустыя будуць паліцы.

Украіна мацнейшая. Дабрэйшая. І мы ўжо хутка пачнем імпартаваць адтуль ежу, як і з Беларусі. І пойдзе гэты Расспажыўнагляд у анус. І гэта будзе адзіны шанец выжыць. І бачу я твары ваты, якая папівае львоўскі яблычны сок, і зажоўвае ўсё гэта кавалкам выдатнай украінскай свініны. Крымваш? Распішыцеся і атрымайце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?