З Урала групы расійскіх баевікоў адпраўляюцца ваяваць на тэрыторыю Украіны пад выглядам Чырвонага Крыжа і гуманітарнай дапамогі, распавеў у інтэрв'ю екацерынбургскаму сайту e1.ru арганізатар такіх аперацый.

«Першы раз яны паехалі пад выглядам Чырвонага Крыжа. Атрымлівалі ад мясцовага філіяла паперы, што мы суправаджаем. Калі даехалі, люді там засталіся. Ім далі зброю і баявыя задачы», — кажа кіраўнік свярдлоўскага фонда ветэранаў спецназу Уладзімір Яфімаў.

Апошнім часам баевікоў адпраўляюць з «гуманітарнай дапамогай».

«Зараз гэтак жа грузім хлопцаў у машыну з гуманітарнай дапамогай і адпраўляем. Едуць у сярэднім на месяц. Некаторыя ў адпачынак, некаторыя, верагодна, каб зарабіць», — распавёў Яфімаў, які таксама ўдзельнічае ў «казачым руху».

Заробкі баевікоў-шарагоўцаў могуць даходзіць да 1-1,5 тысяч даляраў у месяц, афіцэраў — да 5 тысяч, кажа ён.

Баевікі са Свярдлоўскай вобласці РФ едуць ваяваць супраць Украіны.

Баевікі са Свярдлоўскай вобласці РФ едуць ваяваць супраць Украіны.

Сайт паведамляе, што як мінімум тры жыхары рэгіёна ўжо загінулі ва Украіне падчас баёў, яшчэ адзін застаўся без нагі. 14 снежня ў Екацерынбургу ўрачыста далі ўзнагароды 8 уральскім баевікам, якія вярнуліся з Украіны. 

Першыя групы баевікоў, кажа Яфімаў, былі арганізаваныя яшчэ падчас анексіі Крыма: «Першапраходцамі былі людзі з Ханты-Мансійска — ветэраны спецназа, казакі… Усё зрабілі на свае грошы, забралі мяне, паехалі. Калі дабраліся да Керчы, я ўсё арганізаваў — перадаў хлопцаў адказным людзям, якія далучылі іх да базы, і ў выніку яны сталі «ветлівымі людзьмі».

З чэрвеня ваяваць супраць Украіны Яфімаў, па ягоным словам, адправіў 6 груп па 15-30 чалавек у Данецк і 2 групы па 30 чалавек у Луганск. Прычым найбольш падрыхтаваных адпраўляюць у «ДНР», а самых слабых — у «ЛНР».

Зброю навабранцам выдаюць на месцы.

«Гэта ўсё справа прымаючага боку. Прыехаў, паставіў подпіс, атрымаў. Назад паехаў — здаў», - кажа Яфімаў.

Па ягоных словах, няма дадзеных, колькі ўсяго загінула расійскіх дабраахвотнікаў на Данбасе, бо ніхто не вядзе агульнай статыстыкі ані колькасці адпраўленых, ані колькасці забітых і параненых.

Выкарыстанне эмблемаў Чырвонага Крыжа людзьмі, якія з'яўляюцца ўдзельнікамі баявых дзеянняў, лічыцца ў міжнародным праве вайсковым злачынствам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?