29.12.2014 / 15:01

Global Reload. Караткевіч загучаў па-французску 1

Гурт Karpatt з Парыжу працягвае праект парталу Tuzin.fm і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», у межах якога замежныя артысты прадстаўляюць песьні на словы беларускіх паэтаў. Французы выканалі песьню «Le chêne d’hiver» на словы Ўладзімера Караткевіча.

Karpatt з непадробным інтарэсам паставіліся да прапановы пакласьці на музыку беларускі верш у перакладзе на французскую. «Гэта проста выдатная ідэя аб’яднаць людзей з розных краінаў, адкрыць ім нешта новае і падзяліцца сваім з дапамогай паэзіі, якая цудоўна гучыць на якой заўгодна мове!», – кажа аўтар песень, гітарыст і вакаліст гурта Фрэд Рала. Пераклад верша Ўладзімера Караткевіча «Зімовы дуб» на французскую мову зрабіла Ларыса Гіймэ, якая раней пераклала для выданьня ў гэтай краіне «Тутэйшыя»Янкі Купалы і пьесы сучасных беларускіх драматургаў. Французскія музыкі скарысталі з ласкавае згодыЛявона Вольскага асноўную тэму клявішных з арыгінальнай вэрсіі песьні на гэтыя словы, запісанай для нявыдадзенага праекту на вершы Караткевіча. Гармонія куплетаў, рытм ударных, басу і кантрабасу належыць аўтарству Karpatt.

«Вядома ж, цяпер для мяне дуб будзе ня толькі зялёным, але і зімовым», – усьміхаецца Фрэд Рола і дадае: «Паэзія Караткевіча – вельмі прыгожая і вобразная, яна падаецца пяшчотнай зь вельмі кранальнай натуралістычнай мэтафарай». Музыкі маюць намер выконваць гэты твор на сваіх канцэртах і мараць сыграць яе ў Беларусі. Да слова, парыжане ў нас былі ўжо тройчы і маюць надзвычай прыемныя ўспаміны: «Беларусь – краіна з раскошнай прыродай і чароўнымі лясамі. Нас тут падзівіла найперш неўтаймаваная шалёнасьць людзей, якія бясконца здольныя дзяліцца сваімі пачуцьцямі з сапраўднай глыбінёй. Беларусаў з французамі якраз аб’ядноўвае гэтая ўласьцівасьць – прыхільнасьць да пачуцьцёвасьці, музыкі ды эмацыйнасьці. А яшчэ ў вас вельмі кранальныя народныя сьпевы», – кажа Фрэд ад імя ўсяго свайго гурта. Акром яго ў Karpatt уваходзяць Гаэтан Лера (гітара) і Эрвэ Жэгусо(кантрабас). Яны разам граюць з 2002 году. Працуюць у жанры клясычнай французскай песьні, запісалі пяць студыйных альбомаў і адзін канцэртны, маюць пастаянныя гастролі па ўсёй Эўропе, Азіі ды Афрыцы.

Твор «Le chêne d’hiver» ў арыгінале завецца па першым радку — «Страціў лес свой зімні чуб…». Уладзімер Караткевіч напісаў яго 21 лістапада 1981, а выйшаў верш у пасьмяротным зборніку творцы «Быў. Ёсьць. Буду» (1986).

Праект «Global Reload» ладзяць партал Tuzin.fm і грамадзкая кампанія «Будзьма беларусамі!». Ён зьяўляецца лягічным працягам праектаў «Тузін.Перазагрузка» і «Будзьма! Тузін.Перазагрузка.

Слухаць тут

0
Satan / Адказаць
29.12.2014 / 15:22
Ага. А в Беларуси между тем не нашлось никого, чтобы продлить домен uladzimir-karatkevich.com Я слишком поздно уже заметил :(
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру