29.12.2014 / 20:54

Давыдзька: МУС у 2014 годзе выглядала прыгожа

У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі 29 снежня падведзеныя вынікі працы Грамадскага савета пры МУС у 2014 годзе.

Як паведамляе міністэрства, паводле слоў старшыні савета, кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі, МУС у 2014 годзе выглядала прыгожа, працавала дакладна, без нараканняў кіраўніцтва краіны і нават ставілася ў прыклад. З боку грамадскасці таксама было поўнае разуменне дзеянняў міліцыі. Усё гэта, як гаворыцца ў паведамленні, «не магло не паўплываць на рост аўтарытэту салдат правапарадку. Урэшце, самі члены Грамадскага савета таксама вызначыліся плённай дзейнасцю кожны на сваім месцы. Гэта яшчэ адно пацвярджэнне, што гэтыя людзі не проста прадстаўляюць савет, а з'яўляюцца лідарамі ў сваім сегменце прафесійнай дзейнасці».

Намеснік міністра ўнутраных спраў генерал-маёр міліцыі Аляксандр Кобрусеў падзякаваў членам савета за актыўны ўдзел, які яны ўзялі і бяруць у жыцці органаў унутраных спраў, пра што красамоўна сведчаць вынікі. «Усё, што абмяркоўвалася на пасяджэннях савета сёлета, ці гэта ўзмацненне барацьбы з наркотыкамі, ці ўмацаванне дысцыпліны, — так ці інакш знайшло сваё ўвасабленне ў рэальных заканадаўчых актах, скіраваных на аздараўленне грамадства. А шэраг ініцыятыў яшчэ чакаюць сваёй чаргі, напрыклад па барацьбе з п'янствам», — гаворыцца ў паведамленні МУС.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру