Міністэрства юстыцыі Беларусі вынесла пісьмовае папярэджанне Аграрнай партыі.

У інфармацыі, размешчанай на сайце міністэрства 4 студзеня, паведамляецца, што папярэджанне вынесена на падставе планавай праверкі, падчас якой устаноўлены парушэнні гэтай палітычнай партыяй заканадаўства і ўласнага статута.

У прыватнасці, паведамляецца, што па стане на 20 снежня 2007 года Цэнтральны савет (кіруючы орган) Аграрнай партыі больш за месяц не размяшчаецца па сваім юрыдычным адрасе, аднак адпаведныя дакументы для дзяржаўнай рэгістрацыі змяненняў у статут партыі ў сувязі са змяненнем яе юрыдычнага адраса ва ўстаноўлены заканадаўствам тэрмін Мінюсту прадстаўлены не былі. Акрамя таго, па сваіх юрыдычных адрасах не размяшчаюцца Віцебская абласная арганізацыя і тэрытарыяльная пярвічная арганізацыя Глыбоцкага раёна.

Міністэрства паведамляе, што да гэтага часу Аграрнай партыяй не выкананы патрабаванні артыкула 4 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб палітычных партыях», які ўстанаўлівае, што палітычныя партыі штогод да 1 сакавіка прадстаўляюць у Міністэрства юстыцыі інфармацыю аб сваёй дзейнасці.

Мінюст папярэдзіў кіруючы орган Аграрнай партыі, што ў выпадку, калі выяўленыя парушэнні не будуць выпраўленыя ва ўстаноўлены тэрмін, у дачыненні да Аграрнай партыі можа быць пастаўлена пытанне аб прыпыненні яе дзейнасці або ліквідацыі партыі ў судовым парадку.

Аграрная партыя была створана ў 1992 годзе, узначаліў яе Сямён Шарэцкі. У Вярхоўным савеце Беларусі 13‑га склікання аграрнікі мелі самую буйную фракцыю — 44 мандаты, а яе лідэр быў абраны спікерам. Канстытуцыйны крызіс 1996 года раскалоў аграрнікаў на тых, хто падтрымаў прэзідэнта, і тых, хто разам з С.Шарэцкім застаўся ў Вярхоўным савеце. У выніку ў 1999 годзе палітычнае аб’яднанне аказалася на мяжы закрыцця.

Адраджэнне партыі адбылося ў канцы сакавіка 2000 года, калі пасля пяцігадовага перапынку прайшоў IV з’езд Аграрнай партыі. Яго дэлегаты асудзілі дзеянні ранейшага кіраўніцтва партыі і заявілі аб сваім намеры «канструктыўна супрацоўнічаць з уладай». Лідэрам партыі быў абраны Міхаіл Шыманскі. У сённяшнім складзе Палаты прадстаўнікоў Аграрную партыю прадстаўляюць тры дэпутаты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?