30.12.2014 / 21:22

Мова наша. Збаёдаць, збяёдаць 44

Вы чулі такое слова — «збяёдаць»? Слова гэтае пачуеш цяпер даволі рэдка. А ўсё таму, што яно ў сваёй экспрэсіўнасці не мае дакладнага расейскага адпаведніка. Яно значыць: змарнаваць, знішчыць, згубіць, страціць — толькі з выразным адценнем шкадавання, асуджэння, можа, нават крыху злосці.

Раней мова СМІ намагалася ўнікаць экспрэсіўнай размоўнай лексікі. І адпаведна, калі жывая беларуская мова занікла, а засталася толькі пісьмовая мова газет і тэлебачання, загінулі і ўсе жывыя, экспрэсіўныя словы і звароты.

Але як той казаў — варона з куста, а пяць на куст. Згадзіцеся, што людзі не могуць жыць без жывых, экспрэсіўных, трапных зваротаў. Людзям трэба выражаць эмоцыі: злаваць, цешыцца, жартаваць, плакаць, наракаць. Замест сакавітых, багатых на значэнне слоў нашай мовы, прыходзяць іншыя словы, пачутыя намі ў фільмах і серыялах — спрэс расейскамоўных. Нядаўна, напрыклад, пачаў распаўсюджвацца выраз «зліць нешта» у значэнні змарнаваць, з тым самым адценнем шкадавання і асуджэння — блізкім да значэння «збяёдаць». Ці не ў такім кантэксце якраз «збяёдаць» выкарыстоўваюць беларускія аўтары?

Не наладзілі нічога яго сапіенсы, а тое прыўкраснае, што ён ім пакінуў, збаёдалі без рэшты. (Васіль Быкаў, «Мурашкі»)

Гэнага кавальца сын, Ясь, збаёдаў штуцары. (Алесь Наварыч, «Літоўскі воўк»)

Іхнюю сталярню камуністы збяёдалі, а хату разабралі і распрадалі на дровы. (Адам Глобус, «Койданава») 

А як бы Вы сказалі «чайнік» у значэнні «недасведчаны», «аматар»? Лацінізм «аматар» мае падобнае да «чайніка» значэнне, але не мае гутарковага, экспрэсіўнага адцення, якое нам тут трэба. Можа, ўжо лепей казаць «навічок»? Так кажуць людзі:

Шмат загадак ледзь не кожнага дня выстаўляе вайна, і хоць даўно ўжо не навічок я на ёй, але ўсё ж часцяком ніяк не магу зразумець загадкава-супярэчлівую сутнасць многіх яе незвычайных з’яў. (Васіль Быкаў «Трэцяя ракета»)

Мова кожнага чалавека — непаўторная, але яна ўпісвае яго ў нейкі гістарычны кантэкст. Дбайма ж пра тое, каб наша мова была яркая на ўсіх узроўнях, а асабліва на ўзроўнях інтымных, узроўнях нашых глыбокіх эмоцый і пачуццяў, якіх на пісьме і ў газетах не выразіш.

Лявон Маліноўскі

0
Юрась / Ответить
30.12.2014 / 21:25
Слова гэтае жывое. Ў заходняй беларусі часта ўжываецца.
0
Яна / Ответить
30.12.2014 / 21:29
мая маці часта гаварыла: збяёдаваць. з асуджэннем. Аршаншчына.
0
0 / Ответить
30.12.2014 / 21:29
Мая бабуля (Лепельшчына) казала "збяёдаваць".
Показать все комментарии/ 44 /
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера