З 1 студзеня ў Літве ўведзена агульная валюта Еўрапейскага саюза — еўра. Літва стала 19-м членам зоны еўра.

Прэзідэнт краіны Даля Грыбаўскайце ў навагоднім віншаванні назвала ўвядзенне еўра «магчымасцю расці і быць сучаснай еўрапейскай дзяржавай, ставіць перад сабой новыя мэты і смела глядзець у будучыню».

Неўзабаве пасля апоўначы першыя банкноты еўра з банкамата ў цэнтры Вільні дастаў прэм'ер Альгірдас Буткявічус.

«Еўра будзе гарантам нашай эканамічнай і палітычнай бяспекі, дазволіць больш інтэнсіўна развіваць эканоміку, спрыяючы стварэнню новых працоўных месцаў і павелічэнню даходаў насельніцтва», - віншуючы жыхароў Літвы, сказаў прэм'ер.

«Сімвал літа Пагоня становіцца адным з знакаў сям'і еўра. Рыцар у даспехах з мечам і шчытом будзе адчаканены на манетах еўра», - дадаў ён.

У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел эстонскі прэм'ер Тааві Рыйвас, кіраўнік МЗС Латвіі Эдгар Рынкевіч, еўракамісар Віцяніс Андрукайціс, міністр фінансаў Рымантас Шаджус і кіраўнік праўлення Цэнтрабанка Літвы Вітас Васіляўскас. Яны таксама знялі па 10 еўра.

У літоўскіх кафэ, рэстаранах і барах ноччу прадстаўлены спецыяльны безалкагольны кактэйль-еўра.

Літ быў «прывязаны» да еўра з 2002 года, таму Літва залежала ад палітыкі Еўрапейскага Цэнтрабанка, аднак не мела права голасу.

Ад 1 студзеня 2015 года літы ў Літве будуць абменьваць на еўра бясплатна:

• 6 месяцаў гэта можна будзе зрабіць ва ўсіх банкаўскіх аддзяленнях (манеты і банкноты);

• праз 6 месяцаў пасля ўвядзення еўра гэта можна будзе зрабіць у тых аддзяленнях банкаў, якія вызначыць Цэнтрабанк Літвы — прымаць будуць банкноты;

• на працягу 60 дзён з моманту ўвядзення еўра можна будзе абмяняць літы на еўра ў аддзяленнях Літоўскай пошты (манеты і банкноты);

• неабмежаваны час — у Цэнтрабанку Літвы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?