Як паведамляе 1news.az са спасылкай на афіцыйны сайт прэзідэнта Ільхама Аліева, унесеныя змены ў Сямейны кодэкс Азербайджана.
Асобы, што збіраюцца ўзяць шлюб, з 1 студзеня павінны прадстаўляць у орган ЗАГС даведку аб медыцынскім абследаванні на наяўнасць хвароб, спіс якіх у трохмесячны тэрмін падрыхтуе Кабінет міністраў.
Раней пры абмеркаванні гэтых пытанняў у парламенце краіны прагучала, што ў Азербайджане 200 тысяч дзяцей з прыроджанымі анамаліямі.
А таму вельмі важна, каб людзі, якія ствараюць сям'ю, былі інфармаваныя пра хваробы адзін аднаго. Рэктар Азербайджанскага медыцынскага універсітэта Ахліман Амірасланаў лічыць, што змены ў Сямейны кодэкс створаць умовы для ліквідацыі спадчынных хвароб і іншых цяжкіх паталогій.
«Прыняцце адпаведных змяненняў у Сямейны кодэкс не парушае правы чалавека», — заявіў Амірасланаў.
Паводле яго, мэта ў дадзеным выпадку — аздараўленне генетычнага фонду нацыі, забеспячэнні нараджальнасці здаровых дзяцей.
Згодна з новым заканадаўствам, калі адна з асоб, якія бяруць шлюб, схавае ад партнёра наяўнасць у сябе венерычных захворванняў або імунадэфіцыту чалавека, то партнёр мае права запатрабаваць праз суд скасаваць шлюб.
«Вынікі медабследавання ад іншых закрытыя, а тыя, хто бяруць шлюб, даведаўшыся пра медзаключэнне, самі вырашаць — стварыць сям'ю або шукаць партнёра з лепшымі паказчыкамі. Як быццам ідэя разумная: каб не нараджаліся асуджаныя на хваробы дзеці.
Але заўсёды можна падкупіць доктара, ці не так?» — каментуе новаўвядзенне аўтар блога на сайце «Каўказскі вузел».