Зьяўленьне гэтага чалавека на беларускай палітычнай сцэне было нечаканым, але надзвычай шумным. Аніяк не заўважаны раней у дзейнасьці палітычнай апазыцыі, незалежнага беларускага грамадзтва ці інтэлектуальнай супольнасьці краіны, гэты былы савецкі і лукашэнкаўскі функцыянэр хутка робіцца «дэмакратычным» палітыкам і адначасова ўвасабленьнем «новай» беларускай апазыцыі, ньюсмэйкерам ды асобай, заангажаванай у беларускую культуру. І вось ужо шмат хто захапляецца энэргічнай асобай спадара А. Казуліна, сьмелага палітыка і рашучага апазыцыянэра.

Шчыра прызнаюся: я таксама ў свой час быў моцна зьдзіўлены адным праектам, – выданьнем збору твораў Васіля Быкава. Здавалася б, навошта прагматычнаму палітыку займацца мэцэнацтвам?! Але справа, відаць, – не ў мэцэнацтве. Моцны ход быў зроблены. І вось ужо вакол новай палітычнай фігуры некалькі беларускіх літаратараў ды ажно два дзейныя літаратурныя генэралы. Разам яны і «легалізавалі» ў беларушчыне новага палітыка. Ператварылі яго ў «знакавую фігуру» апазыцыйнай беларускай культуры. Надалей сытуацыя робіцца яшчэ больш сэнтымэнтальнай – прэтэндэнт загаварыў на беларускай мове! Тут ужо і сумневаў аніякіх быць ня можа.

Кожны, хто хоць крыху знаёмы зь піяр-тэхналёгіямі, ня мог не адзначыць элемэнтарнасьці ходу – «раскруткі» прэтэндэнта ў шырокім, пазапалітычным, але выразна апазыцыйным кантэксьце. Карацей кажучы, клясыка жанру. Надалей жанр вымагае драматызацыі дзеяньня, шумных публічных акцыяў (прыцягненьне ўвагі гледачоў да асобы героя) і пэрыпэтыяў, гэта значыць, сутыкненьняў з канкурэнтнымі палітычнымі дыскурсамі і іх падмены сваім уласным. Апошняе дасягаецца выразнай блізінёй да пазыцыяў галоўных канкурэнтаў за прэзыдэнцкую пасаду. А таму на сёньня сп. Казулін – гэта ўжо як бы А. Мілінкевіч і А. Лукашэнка, разам узятыя. Гэта і ёсьць «эфэкт Казуліна», паводле ўдалага выразу аднаго ананімнага аналітыка, які разьмясьціў свае развагі з нагоды прэзыдэнцкай кампаніі на сайце www.belintellectuals.com. Пасьпяховасьць праекту, між іншым, дае падставы гаварыць пра тое, што палітык А. Казулін – «усур’ёз і надоўга».

Застаецца зразумець бадай што адно, чый гэта праект і навошта ён патрэбны? Перадусім відавочна, што праект зьяўляецца прадуктам дзейнасьці прафэсійных піяр-тэхнолягаў. Такіх, прынамсі, у А. Мілінкевіча няма. Да таго ж, ажыцьцяўленьне такога «сьмелага» праекту вымагае і пэўных палітычных гарантыяў бясьпекі галоўнаму герою. А гарантам у нашай краіне зьяўляецца, як вядома, толькі адзін чалавек. І тут мы падыходзім да вельмі хісткага моманту ў выкладенай гіпотэзе.

<...>

Алесь Анціпенка

Цалкам артыкул чытайце ў 4-м нумары часопіса «ARCHE»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0