Расія і Аргентына працуюць над кантрактам, згодна з якім Масква аддасць у лізінг 12 штурмавікоў Су-24 у абмен на пастаўкі ялавічыны і пшаніцы, паведаміў сайт defensenews.com.

Су-24 ВПС Расіі.

Су-24 ВПС Расіі.

Расія забараніла летам 2014 году пастаўкі прадуктаў (акрамя алкаголю і яшчэ некаторых груп тавараў) з краін, якія абвясцілі санкцыі ў адказ на расійскую акупацыю Крыма і агрэсію ў Данецкай і Луганскай абласцях.

Масква разглядае імпарт з Лацінскай Амерыкі, у прыватнасці з Аргенціны, як магчымасць кампенсаваць дэфіцыт паставак харчу.

Вялікабрытанія адрэагавала на гэтую навіну заявай пра тое, што Лондан рэгулярна вывучае суадносіны сіл у паўднёвай Атлантыцы і можа павялічыць сваю групоўку на Фалклендах.

Брытанія і Аргентына ў 1982 годзе ваявалі за гэтыя астравы, якія Буэнас-Айрэс лічыць сваімі і няўдала спрабаваў захапіць.

Су-24 — франтавы бамбардзіроўшчык савецкай распрацоўкі з крылом змяняльнай стрэлавіднасці. Практычная дальнасць дзеяння — 570 км, практычная вышыня — 17.100 м.

Самалёт узброены пушкай калібру 23 мм, можа несці кіраваныя і некіраваныя ракеты і бомбы рознай магутнасці.

Бамбардзіроўшчык, які ў кодах НАТА мае назву Fencer, знаходзіцца на ўзбраенні РФ, Украіны, Алжыра, Узбекістана, Ірана, Сірыі, Анголы, Казахстана і Азербайджана.

Беларусь зняла Су-24 з узбраення ў 2012 годзе. Машына лічыцца цяжкай для пілотаў і мае высокі ўзровень аварыйнасці. РФ у тым жа годзе абвясціла, што цалкам адмовіцца ад выкарыстання машыны да 2020 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?