У пятніцу, 2 студзеня, старшыня Луганскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Генадзь Маскаль пабываў у гарадах Залатое і Горнае, якія напярэдадні абстралялі з артылерыі і сістэм «Град» казакі так званага Усевялікага войска данскога.

Пра гэта паведаміла прэс-служба спадара Маскаля, перадае НБН.

«Рэактыўныя і артылерыйскія снарады падалі і выбухалі проста ў жылым сектары. У квартале Сонечным (г. Залатое) адзін са снарадаў трапіў у шматпавярховы дом, разбурыўшы пад'езд. На шчасце, дома ў гэты час нікога не было, таму гаспадары не пацярпелі. Аднак асколкамі ад шкла параненыя двое дзяцей, якім была аказаная медыцынская дапамога на месцы. Стан дзяцей нармальны, пагрозы жыццю няма. Выбуховымі хвалямі ад снарадаў у Залатым пашкоджаныя некалькі шматпавярховак, а таксама гарадскі савет і шматпрофільная гімназія (тут разбітыя вокны). Толькі цудам ніхто з людзей не пацярпеў», — гаворыцца ў паведамленні.

У Горным артылерыйскімі снарадамі і «Градамі» пашкоджаныя два жылыя дамы. Параненых і загінулых сярод мірных жыхароў няма.

«Ні ў Залатым, ні ў Горным ў зоне абстрэлу і блізка няма ўкраінскіх сілавікоў. Гэтыя так званыя казакі, якія акапаліся ў Кіраўску і называюць сябе Данская Рэспубліка, або з перапою страляюць куды заўгодна, нягледзячы на мірных жыхароў, або наўмысна паляць з гармат па жылых кварталах, каб забіць і пакалечыць людзей», — адзначыў спадар Маскаль.

Ён паабяцаў адлоўліваць казакоў па адным і прымушаць іх аднавіць усе, што цяпер разбурана. «Гэтыя так званыя казачкі будуць працаваць на аднаўленні гаспадаркі і інфраструктуры Луганскай так, як у свой час працавалі палонныя немцы пасля Другой сусветнай. Тое, што будзе менавіта так, у мяне асабіста няма ніякіх сумневаў», — падкрэсліў губернатар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?