Перадкрызіснае імкненне тэрмінова патраціць беларускія грошы, пакуль іх не з’ела інфляцыя, накрыла агрэсіўным шопінгам не толькі тавары, якія сапраўды спатрэбяцца у крызісны перыяд. У сацсетках людзі пісалі, што з «Мастацкага салона» выносяць жывапіс, графіку і скульптуру, нехта бачыў на праспекце, як сям’я ледзь несла мноства падушак.

Што рабіць, калі вы не стрымаліся і накупілі ў пераднавагодняй крызіснай гарачцы шмат рэчаў, якія вам не патрэбныя? Дызайн і сучаснае мастацтва здольныя дапамагчы і рэабілітаваць вас перад вашымі дзецьмі і крытычна настроенай паловай.

Сцэнар такі: станьце пасярод пакоя, распраўце плечы, узмахніце чупрынай, калі няма чупрыны, з поглядам пераможцы падніміце правае брыво, важна закладзіце руку за руку і заявіце, што з сённяшняга дня вы далучаецеся да актуальнага напрамку сучаснага мастацтва стварэння інсталяцый! Калі хто не заўважыў – тут можна выкарыстаць больш жорсткі погляд – вы даўно прагнулі працаваць з прасторай як кампазітар, і толькі дэфіцыт часу і страх мастака быць незразумелым перашкаджаў вам прызнацца ў гэтым перад блізкімі. Некалькі словаў пра сюрэалістаў, калектыўныя акцыі і Дзюшана дададуць рэалістычнасці і падмацуюць ваш аўтарытэт.

Сцэнар бездакорны. Калі ўжо сам заснавальнік інсталяцыі ў свой час фатаграфаваўся ў вобразе для флакона туалетнай вады, то можаце ўявіць сабе памеры вашай індульгенцыі сёння, у час свабоды і ўсёдазволенасці.

Існуе толькі адзін выпадак, калі становішча ваша так і застанецца невыпраўляльна трагічным. Ні дызайнеры, ні мастакі, ні нават англійскія навукоўцы пакуль не знайшлі адказа на пытанне, што рабіць з вялікай колькасцю набытых тэлевізараў…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?