Дзяржаўныя СМІ падрабязна асвятляюць хаду ХІ Каляднага хакейнага турніру, што праходзіць у Мінску.

Вось і сёння, 5 студзеня, на сайце БелТА змешчана дзевяць навінаў пра турнір і толькі адна, ранішняя, пра тады яшчэ меркаваны пераход Ягора Філіпенкі ў клуб іспанскага вышэйшага дывізіёна «Малагу».

Сярод іншага паведамляецца, што на Калядным турніры зборныя Беларусі і Расіі датэрмінова выйшлі ў фінал спаборніцтваў. Зборная кіраўніка Беларусі разграміла каманду ААЭ з лікам 12:4 (7:1, 2:2, 3:1). «Сустрэча праходзіла з перавагай гаспадароў турніру, якія з самага пачатку шмат атакавалі і адкрылі лік на 16-й секундзе гульні. У далейшым беларусы таксама мелі велізарную перавагу і ўпэўнена атрымалі буйную перамогу», — гаворыцца ў адной з заметак БелТА.

Аляксандр Лукашэнка, дарэчы, закінуў адну з шайбаў.

Фінал пройдзе 7 студзеня. Беларуская каманда згуляе з Расіяй, якая сімвалічна разграміла Германію з лікам 12:0.

У мінулыя гады пераможцам Каляднага міжнароднага турніру восем разоў станавілася каманда прэзідэнта Беларусі (у 2005, 2006, 2008, 2009, 2010, 2012, 2013 і 2014 гадах). Двойчы поспех святкавала расійская дружына, у 2007 і 2011 гадах адолела ў фінале беларусаў.

Арганізатарамі цяперашніх спаборніцтваў выступаюць Міністэрства спорту і турызму, Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь (ФХРБ), Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Прэзідэнцкі спартыўны клуб. Партнёры турніру — кампаніі «Велком», «Чысты бераг», «Беларуская калійная кампанія», «Белнафтахім» і ААТ «АСБ Беларусбанк». Інфармацыйны партнёр - Белтэлерадыёкампанія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0