Прыкладна 68% карыстальнікаў сацыяльных сетак пастаянна хлусяць, спрабуючы прыхарашыць сваю на самай справе сумнае жыццё і паўстаць перад сябрамі больш цікавымі і яркімі асобамі, піша The Daily Mail.

Псіхолагі адзначаюць, што звычка хлусіць у сацсетках можа выклікаць «лічбавую амнезію». Гэта азначае, што людзі будуць запамінаць толькі выдуманую і прыхарошаную версію падзей.

Акрамя таго, каля паловы карыстальнікаў сацсетак пакутуюць ад параноі, сораму і суму, якія ў іх узнікаюць з-за таго, што яны на самай справе не могуць адпавядаць прыхарошанаму вобразу, які стварылі на сваіх віртуальных старонках.

Псіхолагі лічаць такі дух суперніцтва ў сацсетках нармальным, калі людзі хочуць падзяліцца сваімі дасягненнямі, пераўзыходзячы сваіх сяброў, аднак пасля ў іх узнікаюць сур'ёзныя праблемы з успамінамі, а таксама з'яўляюцца псіхалагічныя расстройствы.

Паводле вынікаў даследавання, успаміны пра падзеі, якія адлюстроўваліся ў пастах сацсетак, былі скажоныя ў кожнага дзясятага карыстальніка. Прычым больш за ўсё ўспаміны не адпавядалі рэчаіснасці ў маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў (16%).

Сярод самых распаўсюджаных тэм, дзе людзі хлусяць, — гэта баўленне часу, любоўныя адносіны і праца. Так, вельмі часта тыя, хто на самай справе сядзеў дома, хлусяць у сацсетках, распавядаючы сябрам, што хадзілі на вечарыну.

Спецыялісты тлумачаць такія паводзіны зайздрасцю. Менавіта гэта пачуццё і штурхае карыстальнікаў перабольшваць свой вобраз у сацсетках, каб не здавацца сумнымі у параўнанні з астатнімі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?