5 студзеня 2008 г. у ТБК адбылася вечарына, прысьвечаная 90‑годдзю абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Яна сёньня засталася ў забыцьці і ўсе яе ідэалы зруйнаванымі. Маскоўская акупацыя, якая распачалася 200 год таму, сёньня прымае тыя ж нахабныя і агрэсіўныя формы, як і тады, у далёкім мінулым

Але падзеі таго далёкага 1918 г. сталі беларусам агеньчыкам надзеі на адраджэньне, на захаваньне свае тоеснасьці, на зазначэньне сябе сьвету, тое, што беларусы не прыдатак маскоўскай імпэрыі, а нацыя. Той агеньчык даў існасьць сёняшняй Беларусі, няхай і прывідлівай, але яна існуе на палітычнай мапе сьвету, аб ёй гавораць, як аб незалежнай і суварэннай дзяржаве. А значыць, тыя далёкія падзеі прынесьлі свой плён.

На вечарыне выступалі госьці: Зянон Пазьняк — лідэр беларускай нацыі, і былы рэктар Гомельскага мэдычнага ўнівэрсітэта Юры Бандажэўскі, таксама пакутнік за Беларусь.

Зянон Пазьняк распавёў аб тым крыжовым шляху, якім прайшла Беларусь і паспрабаваў выявіць шматлікія прычыны, што прывялі да таго, што Бацькаўшчына зноў апынулася пад ярмом Масковіі. Улада, на яго думку, якая зьнішчае беларускасць, зачыняе беларускія школы, нішчыць беларускі нацыянальны дух, можа быць толькі акупацыйнай. Спадзявацца на тое, што Эўропа дапаможа, не мае ніякага сэнсу. У іх там свае інтарэсы. Таму адраджаць нацыю патрэбна з сябе, рабіць гэта кожны дзень. З гэтым можна пагадзіцца, бо ніхто не прымушае ў сваіх сем’ях размаўляць па‑расейску, бо, здаецца ўжо без выключэньняў, практычна ўсе, так званыя сьведамыя беларусы, беларускай мовай у сваім прыватным жыцьці не карыстаюцца. То хто ж павінен у гэтым?

Другім выступоўцам быў прафэсар Юры Бандажэўскі, які цалкам пагадзіўся з папярэднім выступоўцам. Сёняшняя ўлада вырашыла цалкам зьнішчыць беларусаў. І як адзін з прыкладаў — гэта Чарнобыль. Калі ён, прафэсар, спрабаваў нешта рабіць і зазначыць грамадзкасьці аб тым, наколькі небяспечная радыяцыя, адкрыць вочы, што адбываецца ў краіне ‑нацыя пасутнасьці вымірае, яго за гэта пасадзілі ў турму. І чаму менавіта яго, аўтарытэтнага вучонага не толькі ў Беларусі, але ва ўсім навуковым сьвеце. Гэтым улада хацела прадэманстраваць не сваю моц, як гэта думаюць многія, а папярэдзіць іншых вольнадумцаў. Глядзіце, калі яго пасадзілі, асобу, якую ведае ўвесь сьвет, то нішто не перашкодзіць зрабіць гэтае з вамі, нікому не вядомымі шарагоўцамі. І гэтае сапраўды спрацоўвае. І людзі замаўкаюць.

Прафэсар распавёў аб шматлікіх фактах, якія сапраўды мало каму ведамы. І тое, што Чарнобыль не першым забрудзіў Беларусь. Праблема радыяцыі распачалася значна раней, у 60‑тыя г.г., калі на Палесьсі праводзіліся ядзерныя вопыты. І пра гэта ніхто нічога не ведаў. Менавіта з таго часу рэзка пачала змяншацца нараджальнасьць і павялічвацца сьмяротнасьць. Сёньня ж праблему тых ядзерных вопытаў спіхнулі на Чарнобыль. Нацыя пачала спажываць радыяцыю на 20 год раней, чым пра гэта афіцыйна гаворыцца.

Дый сёняшняя ўлада ігнаруе нават і праблему Чарнобыля, зазначаючы, што яна не ўяўляе ніякай небясьпекі. Але гэта далёка не так. Сьмяротнасьць перавышае нараджальнасьць на 0,5 праміле. Рэзка зьменшаецца сярэдні ўзрост працягласьці жыцьця. Калі ў Францыі ён сёньня сягае за 80 год, то ў Беларусі зьмяншаецца да 50‑ці. Улада гэта ўсё сьпісвае на алкагалізм нацыі. Вельмі простая адгаворка. А калі сказаць проста — беларуская нацыя вымірае.

Варта адзначыць той факт, што развязалася горачая дыскусія па праблемах у сёняшняй Беларусі. Усе разумеюць, што нацыя гіне, як духоўна, так і фізічна, апазіцыя раз’яднаная.

Была і моладзь з ЕГУ, якая шмат пытаньняў задавала спадару Зянону. Пасьля у іх з ім адбылася прыемная размова.

Хацелася б пазайздросьціць аптымізму Зянона Пазьняка і заразіць ім іншых. Ён верыць, што Беларусь адродзіцца, ёй не суджана зьнікнуць. Тое, што было зроблена за 5 год незалежнасці, дало сваё, яго проста так не зьнішчыць. А яшчэ вельмі важнае — гэта памяць і сьвядомасць пакаленьняў. Адно пакаленьне можна абдурыць, але толькі адно, так зазначыў шаноўны прамоўца. І прыйдзе час, калі беларусы будуць узгадваць тое, што адбывалася ў часах акупацыі, як аб вялікім жаху і зьдзеку над іх нацыяй.

Як бы там не было. Але мы жывем. У нас было Полацкае княства, было Вялікае Княства Літоўскае, была БНР, сёньня ёсьць Беларусь. І ў нас былі акупацыі, але мы выжывалі, сьведчылі аб сваім быцьці ў гэтым сусьвеце. Кола гісторыі робіць новы віток, вырываючы нас у сусьвет вольнай і назалежнай Беларусі.

Жыве Беларусь!

Алесь Адамковіч, Вільня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0