AFP

AFP

Тэлеканал France 2 апублікаваў відэа атакі на рэдакцыю сатырычнага часопіса Charlie Hebdo на бульвары Рышар-Ленуар у цэнтры Парыжа, ажыццёўленай у сераду, 7 студзеня. На запісе чуваць, як адзін з нападнікаў падчас стральбы крычыць «Алах Акбар».

Па словах паліцыянтаў, асобы, якія стралялі, таксама крычалі, што «адпомсцілі за прарока», паведамляе Agence France-Press у твітары.

Па апошніх дадзеных праваахоўных органаў, якія прыводзіць Reuters, у выніку нападу загінулі 12 чалавек, у тым ліку двое афіцэраў паліцыі. Па звестках Le Figaro, забітыя чатыры карыкатурысты часопіса — акрамя Стэфана Шарбано, гэта мастакі, што малявалі пад псеўданімамі Cabu, Tignous і Wolinski.

Незадоўга да нападу на рэдакцыю ў Twitter'ы выдання была апублікаваная карыкатура на лідара радыкальнай групоўкі «Ісламская дзяржава» Абу Бакр аль-Багдадзі, якая суправаджаецца подпісам «З найлепшымі пажаданнямі, дарэчы».

Еўраньюс таксама паведамляе, што магчыма прычынай нападу мог стаць апошні нумар часопіса, дзе быў апублікаваны прагноз пісьменніка Мішэля Уэльбека, дзе выказвалася меркаванне, што ў 2022 г. прэзідэнтам Францыі можа стаць ісламіст.

Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, які прыбыў на месца здарэння, назваў атаку тэрактам.

Нападнікаў было двое. Ім удалося збегчы.

У лістападзе 2011 года Charlie Hebdo выпусціў нумар, галоўным рэдактарам якога быў абвешчаны прарок Мухамед. На вокладцы была змешчана карыкатура на прарока, які пагражае: «Сто удараў бізуном, калі вам не смешна». У рэдакцыйным артыкуле гаварылася, што часопіс такім чынам вырашыў адзначыць перамогу ісламісцкай партыі на выбарах у Тунісе. На наступны дзень пасля выхаду нумара невядомыя кінулі ў рэдакцыю выдання бутэльку з запальнай сумессю, у выніку чаго памяшканне цалкам згарэла.

Раней Charlie Hebdo выклікаў рэзкую крытыку з боку мусульман у 2005 годзе. Тады выданне перадрукавала з дацкай газеты карыкатуры на прарока Мухамеда. Супраць часопіса падалі пазоў за абразу мусульман, аднак праз два гады абвінавачванні знялі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?