У Беларусі з 1 студзеня 2015 года ўведзена вывазная мытная пошліна на калійныя ўгнаенні. Гэта прадугледжана ўказам № 654, які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 31 снежня 2014 года. Дакумент апублікаваны 7 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі. 

Мытная пошліна на калійныя ўгнаенні, якія вывозяцца з тэрыторыі Беларусі за межы мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза, устаноўлена ў 45 еўра за тону, гаворыцца ва ўказе. 

Экспартная пошліна на беларускі хлоркалій, нагадаем, была адмененая ў верасні 2013 года з мэтай падтрымкі ААТ «Беларуськалій».

Уведзены збор за экспарт сырой нафты. Гэта прадугледжана ўказам прэзідэнта № 655 ад 31 снежня 2014 года, які сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. 

Дакументам вызначана, што «плацельшчыкамі збору з'яўляюцца арганізацыі, якія рэалізуюць на экспарт нафту сырую, што паходзіць з Рэспублікі Беларусь, і ажыццяўляюць яе вываз з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь за межы тэрыторыі дзяржаў, з якімі заключаныя міжнародныя дагаворы аб свабодным гандлі». 

Збор устанаўліваецца за адну тону нафты ў разлічваецца па формуле з улікам сярэдняй цаны экспарту гэтай сыравіны. 

Пры гэтым стаўка збору вылічаецца штомесяц і выплачваецца плацельшчыкамі ў рэспубліканскі бюджэт у доларах ЗША ці еўра ў суме, вызначанай з улікам устаноўленага Нацбанкам на дзень выплаты афіцыйнага курсу беларускага рубля ў адносінах да адпаведнай замежнай валюты. 

Сума збору ўключаецца плацельшчыкамі ў затраты па вытворчасці і рэалізацыі тавараў. 

Указ набыў моц.

Таксама ўведзены падатак на здабычу нафты і калійнай солі. Гэта прадугледжана ўказам прэзідэнта № 655 ад 31 снежня 2014 года, які сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. 

«Падатак за здабычу (выемку) прыродных рэсурсаў у дачыненні да нафты і падатак за здабычу (выемку) прыродных рэсурсаў у дачыненні да солі калійнай па адвалорнай стаўцы выплачваюцца ў доларах ЗША ці еўра ў суме, вызначанай з улікам устаноўленага Нацыянальным банкам на дзень выплаты афіцыйнага курсу беларускага рубля ў адносінах да адпаведнай замежнай валюты», — гаворыцца ва ўказе. 

Штоквартальна ў 2015 годзе прадпрыемствы і арганізацыі, якія маюць рэнтабельнасць за справаздачны перыяд больш за 30%, звыш мінімальнай абавязковай часткі прыбытку, якую яны ўжо выплачваюць у бюджэт у адпаведнасці з указам прэзідэнта № 637 ад 28 снежня 2005 года, будуць адлічваць яшчэ 30% прыбытку ў рэспубліканскі бюджэт, адпаведныя бюджэты пярвічнага, базавага і абласнога ўзроўняў. 

Для ААТ «Беларуськалій» гэты падатак устаноўлены яшчэ вышэй — 55%. Пры гэтым прадпрыемству абмежавалі памер уласных сродкаў, якія накіроўваюцца ў 2015 годзе «на стварэнне і набыццё асноўных сродкаў вытворчага прызначэння, іх рэканструкцыю (мадэрнізацыю, рэстаўрацыю), у тым ліку якія ажыццяўляюцца па дагаворы простага таварыства, і нематэрыяльных актываў, а таксама на пагашэнне крэдытаў (пазык), атрыманых на гэтыя мэты». На такія мэты «Беларуськалій» не можа выдаткаваць больш за 4,6 млрд. рублёў. 

Указ набыў моц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?