«Сярод дзейных банкіраў Павел Калаўр — найлепшы варыянт», — кажа былы старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч, даведаўшыся пра прызначэнне свайго колішняга намесніка. У суботу 27 снежня 2014 года Аляксандр Лукашэнка назваў Паўла Калаўра новым старшынёй Нацбанка.

За дзень да таго падчас нарады па эканамічных пытаннях Надзея Ермакова, яшчэ ў статусе кіраўніцы Нацбанка, расказвала пра далейшыя планы: «З улікам сітуацыі не выключана, што [валютны] збор будзе адменены раней [за 1 лютага]. Можа быць, ён будзе адмяняцца паступова».

У гэты час 52-­гадовы старшыня праўлення банка «БелВЭБ» Павел Калаўр ужо ведаў, што змагацца з валютным крызісам давядзецца яму, а не Ермаковай.

Банкір акурат вярнуўся са Століншчыны, з роднай вёскі Белавуша, дзе паспеў паведаміць сваякам пра новае прызначэнне.

Татарская шляхта

Калаўр разглядаўся ў якасці кандыдата на пасаду старшыні Нацбанка яшчэ ў 2011­-м, калі тэрмінова шукалася замена захварэламу Пятру Пракаповічу. Але тады выбар быў зроблены на карысць «шклоўскай» Надзеі Ермаковай, тагачаснай кіраўніцы «Беларусбанка».

Чаму ўсё ж не Калаўр? Родная сястра Паўла Уладзіміравіча лічыць, што ў высокіх чыноўнікаў узніклі пытанні да дзіўнага прозвішча банкіра: ці не яўрэйскае яно? У выніку Калаўра пакінулі ў кадравым рэзерве.

Існуе некалькі варыянтаў паходжання прозвішча, але ніводнае з іх не мае сувязі з габрэямі. Некаторыя даследчыкі лічаць, што Калаўры вядуць свой род ад манголаў. У тамтэйшай мове гэтае слова можна перакласці як «воін, які нясе смерць». Іншая версія звязвае прозвішча са словам «каравул», а дакладней, ягоным цюрскім адпаведнікам «кара авыл» («ахоўвай пасяленне»).

Так ці інакш, прозвішча «Калаўр» было ўключана ў даследаванне «Гербоўнік родаў татарскіх у Польшчы».

На Піншчыне ёсць вёска Калаўравічы, радавы маёнтак шляхцічаў Калаўраў. Іхні старажытны герб «Астоя» ўпершыню з’явіўся ў XI стагоддзі. На ім намаляваныя два залатыя паўмесяцы, паміж якімі знаходзіцца меч.

У роднай вёсцы жыве тры тысячы чалавек

Вёска Белавуша пад Столінам, дзе нарадзіўся Калаўр, — нетыповая для Беларусі. Па-­першае, яна ўражвае сваімі памерамі. Ад аднаго канца вёскі да другога — каля 7 кіламетраў, гэта як ад плошчы Незалежнасці да Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску. Нумарацыя дамоў на цэнтральнай вуліцы «Леніна» перавальвае за 300!

Па-­другое, паглядзеўшы на Белавушу, ніколі не скажаш, што беларускія вёскі выміраюць. Тут жыве каля 3 тысяч чалавек. У некаторых сем’ях гадуюць па дзесяць дзяцей і нават больш. Тлумачэнне прыросту насельніцтва простае — тут шмат евангелістаў.

Недалёка ад Белавушы знаходзіцца вядомая вёска Альшаны, агурковая сталіца Беларусі. Зямля ў Белавушы такая ж урадлівая, таму фермеры заўсёды шукаюць ахвотных папрацаваць. Аплата фіксаваная — 200 тысяч рублёў за дзень. Работнікі атрымліваюць грошы на рукі, але піць не ідуць.

Пра Калаўра ў Белавушы ведаюць усё. Бабулі называюць 52-гадовага банкіра ласкава: «наш Паўлік». У вёсцы дагэтуль жывуць ягоныя старэнькая маці і сястра. Бацьку пахавалі некалькі месяцаў таму.

…За два дзясяткі гадоў працы на найвышэйшым узроўні Павел Калаўр напісаў з дзясятак артыкулаў для «Банкаўскага весніка» і даў некалькі інтэрв’ю. Але адзіная фраза «пра асабістае» ў іх — згадка, як ён хадзіў на балет «Шчаўкунок» у выкананні эстонскіх танцораў.

Ніна, сястра старшыні Нацбанка, агарошвае з парога: «Ніякіх журналістаў. Брат забараніў расказваць пра сябе хоць што­небудзь. Ён заўсёды кажа: «Мае пытанні вырашаю я сам». У нас так заведзена з дзяцінства».

Але пазней яна ўсё ж пускаецца ва ўспаміны. Бацькі, Уладзімір і Ганна Калаўры, былі аднагодкамі. Абое мясцовыя, з Белавушы. Яны ажаніліся дваццацігадовымі. У сям’і было трое дзяцей, Павел — самы малодшы.

«Ён быў схільны да матэматыкі. Яму дома ніколі не трэба было чытаць. Калі настаўнік сказаў, ён запомніў. Выдатная памяць была», — узгадвае сястра.

У 15 гадоў Павел вырашыў паступаць у Пінскі ўлікова­-крэдытны тэхнікум (цяпер Палескі ўніверсітэт). Бацькі тады моцна хварэлі. «Мама з татам сталі на калені: «Госпадзі, толькі б не паступіў і вярнуўся дамоў». А ён прыязджае з Пінска і паказвае: вось, мама, маё імя ў газеце! Дзве «пяцёркі» атрымаў… Гэтаксама было, як у Мінск паступаў. Сродкаў малавата было… І таксама прасілі Бога, каб ён не прайшоў, каб вярнуўся дадому дапамагаць па гаспадарцы. Вось такі лёс быў», — расказвае Ніна Уладзіміраўна.

У 1980-­м, скончыўшы тэхнікум, Калаўр стаў студэнтам дзённага аддзялення наргаса, вучыўся па спецыяльнасці «фінансы і крэдыт».

Жыццё ў сталіцы было складаным. «Днём вучыўся, а ў начныя змены разгружаў вагоны. Стыпендыя ў тыя часы была слабенькая, а ў бацькоў асаблівых рэсурсаў не было… Гэта не тое, як па блаце нехта праскочыў. Ён з­за сваёй галавы далёка пайшоў», — перакананая сястра.

Нягледзячы на выпрабаванні, Павел скончыў універсітэт з чырвоным дыпломам. На Захадзе пра такіх, як ён, кажуць self­-made man — усяго дасягнуў сам.

Праца ў правінцыі і вяртанне ў Мінск

Пасля наргаса Калаўр пачаў кар’ерны ўздым у раённых аддзяленнях Дзяржбанка СССР. У Стоўбцах ён быў эканамістам, у Бярэзіне — намеснікам кіраўніка, а Валожыне ўзначаліў аддзяленне. Гэты шлях заняў два з паловай года.

У 1987­-м у СССР адбылася рэформа, падчас якой былі створаныя спецыялізаваныя галіновыя банкі — «Ашчадбанк», «Знешэканомбанк», «Прамбудбанк» і іншыя. Раённыя аддзяленні Дзяржбанка, якія перадусім абслугоўвалі сельскую гаспадарку, перайшлі ў падпарадкаванне «Аграпрамбанка».

Так Калаўр стаў кіраўніком Валожынскага аддзялення «Аграпрамбанка». Пасля распаду СССР і акцыянавання назва змянілася на «Белаграпрамбанк». Першым старшынёй праўлення банка быў абраны Міхаіл Чыгір, будучы першы прэм’ер­міністр Беларусі.

«У 1993­-м па ўзгадненні з Чыгіром я забраў Калаўра да сябе ў Мінск», — узгадвае Станіслаў Багданкевіч, тагачасны кіраўнік Нацбанка.

Узлёт Калаўра быў ашамляльным — адразу на пасаду намесніка Нацбанка. «Ён не толькі служыў, але і адстойваў сваю пазіцыю», — кажа Багданкевіч.

У Нацбанку Павел Калаўр затрымаўся на доўгія 17 гадоў. Ён працаваў пад кіраўніцтвам і Станіслава Багданкевіча, і Тамары Віннікавай, і Пятра Пракаповіча. З цягам часу стаў першым намеснікам старшыні Нацбанка.

«За» і «супраць» манетарнага саюза

Пачынаючы з сярэдзіны 1990-­х, Расія настойвала на пераходзе Беларусі на агульную валюту — статус cаюзнай дзяржавы абавязваў. Беларускія эліты млява ігнаравалі патрабаванні ўсходняга суседа.

Эканамічныя перадумовы і наступствы манетарнага саюза сталі тэмай дысертацыі Паўла Калаўра, якую ён абараніў у 2001­-м у БДЭУ. «На мой погляд, ён займаў слушную пазіцыю: маўляў, не трэба пераходзіць на расейскі рубель, пакуль не будзе поўнай эканамічнай інтэграцыі», — кажа Станіслаў Багданкевіч. Прысутныя на абароне дысертацыі ўзгадвалі, што Калаўру давялося няпроста, калі ён адстойваў сваю навуковую працу.

 «У дысертацыі ён захаваў незалежную пазіцыю. А наргас заўсёды быў кансерватыўным, на ўзроўні дацэнтаў і прафесараў заставалася шмат «саўковых» людзей», — тлумачыць Багданкевіч.

У артыкуле (сумесным з Ігарам Русакевічам) у «Банкаўскім весніку» за люты 2000 Калаўр аналізаваў плюсы і мінусы адмовы ад нацыянальнай валюты. Сярод патэнцыйных перавагаў для беларускай эканомікі даследчыкі называлі знікненне камісійных выдаткаў, звязаных з абменам грошай на расійскія рублі, а таксама стымуляванне гандлю між дзвюма краінамі. «Але адмова ад валютнага курса — гэта адмова ад самастойнай грашова­крэдытнай палітыкі», — папярэджваў Калаўр. Ён заклікаў больш глыбока даследаваць наступствы валютнага саюза.

За 10 год — тры дэвальвацыі

Дзякуючы таннай расійскай нафце, 2000-­ыя былі гадамі імклівага росту беларускай эканомікі.

«Я ўсё пыталася ў яго: «Брат, калі вернеш грошы з ашчадных кніжак?» — узгадвае сястра банкіра. — А ён мне: «Колькі нарадаў было, столькі я падымаў гэтае пытанне, але мяне ніхто не падтрымлівае…»

Сусветны крызіс падкасіў дабрабыт насельніцтва. 20%­-ная аднамомантавая дэвальвацыя, якую ўлады зрабілі ў 2009-­м наўпрост на Новы год, шакавала многіх. Але беларусы абышліся малой крывёю, калі параўнаць тую сітуацыю з наступнымі абваламі рубля.

У 2011­-м, калі з крызісам марна змагаліся Пракаповіч, а пасля і Ермакова, курс вырас амаль утрая.

Калаўра ў іх шэрагах ужо не было. За паўгода да абвалу ён сышоў з Нацбанка. Зрэшты, не ён адзін.

Намеснікі Пракаповіча перайшлі ў прыватныя банкі

У пачатку 2010-­х кіраўніцтва Нацбанка істотна змянілася. Намеснікаў Пятра Пракаповіча адпусцілі ў свабоднае плаванне. Банкаўскую эліту завабілі да сябе беларускія дочкі расійскіх банкаў. Расейцы былі гатовыя плаціць вялікія грошы за вопытных спецыялістаў, якія мелі сувязі з дзяржаўным апаратам.

Павел Калаўр узначаліў банк «БелВЭБ», з цягам часу на пасаду ягонага намесніка перацягнулі Мікалая Лузгіна. Васіль Мацюшэўскі стаў кіраваць «БПС­­-Сбербанкам». А Юрый Алымаў цяпер — незалежны дырэктар ВТБ. Усе яны былыя намеснікі старшыні Нацбанка.

Банкіры сыходзілі працаваць на расейцаў са згоды Аляксандра Лукашэнкі. Мяркуючы па ягоных словах, пры гэтым яны давалі нейкія абяцанні. «Я пакуль ад іх абяцанай у свой час працы і аддачы не бачу. Гэта асобная размова», — абмовіўся ў 2013-­м Лукашэнка. А за год да таго ён увогуле называў банкі з замежным капіталам «замежнымі агентамі».

Выгадная праца на Расію

Што такое «БелВЭБ», які у 2011­-м узначаліў Калаўр? Гэта беларуская дачка расійскай дзяржаўнай карпарацыі «Внешэкономбанк». У савецкі час банк забяспечваў экспартна­імпартныя аперацыі, а ў цяперашняй Расіі выконвае ролю «банка развіцця». Напрыклад, крэдытаваў будаўніцтва інфраструктуры ў алімпійскім Сочы, рэканструкцыю нафтаперапрацоўчых заводаў і аэрапортаў. Старшынёй назіральнай рады «Внешэкономбанка» з’яўляецца прэм’ер­-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў. Не дзіва, што летась банк трапіў пад санкцыі Захаду.

Працаваць у такой структуры звышвыгадна для беларускіх банкіраў. Знаходжанне на дзяржаўнай службе, у тым ліку ў Нацбанку, дае статус, але не дае грошай. Па словах Надзеі Ермаковай, апошнім часам яна зарабляла каля $2000 на месяц.

На якія сумы мог разлічваць Калаўр у «БелВЭБе»? Па інтэрнэце гуляе ананімная справаздача аб ягоных прэміях за 2011 год — нібыта кіраўніку банка налічвалі па $30—40 тысяч у эквіваленце.

Пацвердзіць ці абвергнуць гэтыя лічбы немагчыма, бо беларускія кампаніі і банкі не абвяшчаюць памер узнагароды сваім топ­менеджарам.

Аднак можна правесці аналогіі з Расіяй. У 2013 годзе старшыня праўлення «Внешэкономбанка» Уладзімір Дзмітрыеў атрымліваў сярэдні штомесячны даход $250 тысяч, за год да таго — па $210 тысяч. Дзмітрыеў быў фактычным кіраўніком Калаўра.

А Калаўр быў для расейцаў карысным работнікам. Пад ягоным кіраваннем чысты прыбытак «БелВЭБа» значна вырас, агулам за час старшынства ўдалося зарабіць амаль $200 мільёнаў.

Чысты прыбытак «БелВЭБа»

 2014* — $36,4 мільёна

2013 — $46,7 мільёна

2012 — $46,4 мільёна

2011 — $61,3 мільёна

2010 — $20,7 мільёна

2009 — $11,6 мільёна

2008 — $7,2 мільёна

*за тры кварталы года

Падтрымліваў нацыянальныя праекты

Банкі па ўсім свеце займаюцца падтрымкай сацыяльных праектаў. Не выключэнне і наша краіна.

«Белаграпрамбанк» з’яўляецца генеральным спонсарам Нацыянальнага алімпійскага камітэта, а «Беларусбанк» — галоўны партнёр футбольнага чэмпіянату краіны. «БелВЭБ» таксама арганізоўваў спартыўныя мерапрыемствы, напрыклад, сусветнае першынство па веласпорце на трэку ў Мінску.

«Прынцыпова важна выбіраць кірункі спонсарскай падтрымкі, супрацоўніцтва, — тлумачыў Калаўр у інтэрв’ю tut.by. — Перадусім гэта тое, што звязана з нашай нацыянальнай культурай, узаемадзеянне з Нацыянальным гістарычным музеем, з тэатрамі».

Набываць гістарычныя артэфакты «БелВЭБ» пачаў даўно, аднак пры Калаўры быў набраны яшчэ большы размах.

Летась у Нацыянальным гістарычным музеі прэзентавалася выстава «Новае жыццё нацыянальных скарбаў» — чатыры залі калекцый «БелВЭБа». Сярод самых каштоўных экспанатаў — карта ВКЛ 1616–1630 гадоў, ініцыятарам выдання якой быў Мікалай Радзівіл Сіротка, унікальныя манеты канца XIX стагоддзя, а таксама «пояс Вітаўта».

Іншы вялікі праект — факсімільнае перавыданне поўнага збору кніг Францыска Скарыны. Мяркуецца, што да 2017­-га на грошы «БелВЭБа» пабачыць свет 20 тамоў.

Сям’я банкіраў

Бацькі Калаўра пражылі разам 63 гады. «З дзяцінства нас прывучыў бацька: нікому не давярай. Правярай, але не давярай», — узгадвае сястра Ніна. Па яе словах, Павел, нягледзячы на занятасць на працы, рэгулярна прыязджае ў родную вёску, дапамагае родным. «Стол — гэта заўсёды на ім. Можа і сам нешта прыгатаваць. Любімую страву не прыгадаю, бо даўно ж разам не жывём. Але я заўсёды частую яго сырнікамі», — кажа яна.

Яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце Павел Калаўр пазнаёміўся з будучай жонкай Ларысай. Дзяўчына паходзіла з­-пад Ліды. Цяпер яна — галоўны бухгалтар банка «Масква­-Мінск», новым уласнікам якога стаў Нацбанк.

У сям’і Калаўраў выраслі двое сыноў. Сястра банкіра кажа, што дзеці з дзяцінства хацелі стаць «як бацька» і пайсці ягоным шляхам. Так яно і атрымалася.

Аляксей меў досвед працы ў Маскве, ягонае імя фігуравала сярод гульцоў валейбольнай аматарскай каманды «Связь­-Банка» (99,5% акцый належыць «Внешэкономбанку»). Старшынёй рады дырэктараў «Связь-­Банка» працуе Сяргей Васільеў, які яшчэ нядаўна па сумяшчальніцтве з’яўляўся старшынёй назіральнай рады «БелВЭБа». Але нядаўна на ягонае месца Аляксандр Лукашэнка вырашыў пасадзіць адстаўленую Надзею Ермакову. Таксама імя Аляксея Калаўра фігуравала ў якасці галоўнага менеджара «БПС­-Сбербанка».

фота vk.com

фота vk.com

У ягонага брата Уладзіміра ў сацыяльнай сетцы таксама пазначана месца працы: «банк». Разам з жонкай Ірынай ён гадуе двух дзяцей.

фота vk.com

фота vk.com

Маёнтак на вуліцы банкіраў

Як і многія іншыя ўплывовыя беларускія чыноўнікі, Павел Калаўр атрымаў ад дзяржавы магчымасць пабудавацца ў элітным раёне сталіцы. У 2007­-м рашэннем Мінгарвыканкама быў створаны «пасёлак банкіраў» на вуліцы Вілейскай. Тагачасны старшыня Нацбанка Пятро Пракаповіч атрымаў 0,15 га, а ўсе ягоныя намеснікі — Павел Калаўр, Юрый Алымаў, Мікалай Лузгін, Уладзімір Сянько, Мікалай Кадушка і Васіль Мацюшэўскі — па 0,11 га.

Сям’я Калаўраў пабудавала двухпавярховы дом з дзвюма тэрасамі агульнай плошчай 407 м2.

фота Сяргея Гудзіліна.

фота Сяргея Гудзіліна.

Кадастравая цана такога ўчастка, як у Калаўра, складае каля $175 тысяч. На рынку за такую зямлю з катэджам просяць да мільёна даляраў.

Яшчэ некалькі гадоў таму вуліца Вілейская была часткай катэджнага пасёлка, цяпер вакол яе пачалі будаваць шматпавярховікі новага мікрараёна «Ржавец» («Лебядзіны»), якія будуць навісаць над дамамі банкаўскай эліты.

План Калаўра

На Паўла Калаўра ўскладзеныя вялікія чаканні. «Нацбанку даюцца самыя сур’ёзныя паўнамоцтвы для наладжвання нармальна функцыянуючай сістэмы банкаўскай справы ў краіне», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, прадстаўляючы новага старшыню.

Што для гэтага трэба? Як мінімум уніфікаваць валютны курс. Пакуль жа ўвесь свет смяецца, убачыўшы лічбы на табло беларускіх абменнікаў — нібыта курс куплі вышэйшы за курс продажу.

Калаўр ведае, што рабіць. У 2000­-м ён узначальваў групу па выхадзе на адзіны курс. Заклікаў да найхутчэйшай уніфікацыі і ў 2011-­м.

Тое, што «нарабіла» Ермакова, Калаўр стаў разграбаць з першага дня працы.

Усяго за працоўны тыдзень афіцыйны курс даляра вырас ужо да 12 800 рублёў. Абнулілі і валютны збор на біржы. Сёння вырашыцца, на якім узроўні Нацбанк зафіксуе «адзіны» курс даляра.

«На мой погляд, непрынцыпова, які прырост эканомікі будзе ў наступным годзе. … Прынцыпова, каб мы выйшлі на ўзровень інфляцыі, які дазволіў бы казаць пра адназначны ўзровень інфляцыі — менш за 10%», — тлумачыў Калаўр сваё разуменне сітуацыі некалькі гадоў таму.

Але ці здолее ён адстаяць сваю пазіцыю цяпер? Такога ж, як ён, меркавання прытрымліваецца дарадца Лукашэнкі Кірыл Руды, але яму апошнім часам супрацьстаяў урад на чале з Міхаілам Мясніковічам пры маўклівай згодзе Адміністрацыі прэзідэнта ў асобе Андрэя Кабякова.

«Урад ніводнага кроку не мог рабіць без згоды Кабякова. Ён, па сутнасці, галоўны вінаваты ў крызісным абвале. І яго перасоўваюць на пасаду прэм’ера!» — абураецца Станіслаў Багданкевіч.

Былы старшыня Нацбанка хоць і кажа, што Павел Калаўр — найлепшая кандыдатура на ролю галоўнага банкіра, але заўважае, што ад яго ў цяперашняй сітуацыі мала што будзе залежаць: «Патрэбная сумесная праграма па пераходзе на новую мадэль рэгулявання эканомікі і новая эканамічная палітыка».

* * *

Павел Калаўр

Нарадзіўся ў 1962 годзе у вёсцы Белавуша на Століншчыне. Скончыў Пінскі ўлікова­крэдытны тэхнікум (1980), Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя Куйбышава (1985). Кандыдат эканамічных навук (2001).

Працаваў у Стаўбцоўскім, Бярэзінскім, Валожынскім аддзяленнях Дзяржбанка СССР (1985-­1987), узначальваў Валожынскае аддзяленне Аграпрамбанка СССР (пасля — «Белаграпрамбанка») (1988­-1993).

У 1993­-2010 працаваў у сістэме Нацбанка, спачатку намеснікам старшыні праўлення, з 1999 — першым намеснікам. У 2010-­2014 — старшыня праўлення банка «БелВЭБ». У канцы 2014 заняў пасаду старшыні праўлення Нацбанка.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?