На ахоўніка магілёўскай крамы «777» Дзмітрыя Прохарава паскардзіўся ў міліцыю распаўсюджвальнік газеты «Новы час» пенсіянер Віктар Чараухін, які заяўляе, што Прохараў зняважыў яго, назваўшы «фашыстам». Міліцыя ўгледзела ў дзеяннях ахоўніка факт знявагі і перадала справу ў суд. 

У судзе Прохараў сваёй віны не прызнаў. Ён адмовіўся і пайсці на прапанаванае суддзёй Кастрычніцкага раёна абласнога цэнтра Таццянай Міхайлавай прымірэнне з Чараухіным. Прохараў заявіў, што не зневажаў, называючы фашыстам, Чараухіна. І гэтаму, сцвярджае ён, ёсць шмат сведак. Ніводзін з іх на судовае пасяджэнне, праўда, не з'явіўся. 

Прохараў даводзіў суду, што Чараухін перадаваў газету ахоўнікам і што ён доўга пільнаваў распаўсюджвальніка, каб сказаць, што насіць выданне не трэба. 

«Ён распаўсюджваў газету «Новы час», якая ўтрымлівае нацысцкі, фашысцкі і нацыяналістычны змест супраць прэзідэнта і нашай рэспублікі.

Я цягам доўгага часу спрабаваў яго вылавіць, але ён даваў газету і ўцякаў. Калі мне перадалі, што ён прыйшоў, я падышоў і сказаў яму: «Дзядуля, не насіце болей газеты фашысцкія і нацыяналістычныя». Ён у адказ пачаў азвярацца. Я яго тады выкінуў з крамы — вось і ўсё. Ён тады сказаў, што будзе насіць іх і далей», — распавёў у судзе Прохараў. 

Калі Віктар Чараухін пачаў задаваць ахоўніку пытанні на беларускай мове, той адразу абурана заявіў, што адказваць на іх па-беларуску не будзе. Адказваў па-руску. 

Віктар Чараухін казаў на судзе, што распаўсюджвае газету «Новы час» шмат гадоў і ў яго была вусная дамоўленасць з адным з ахоўнікаў крамы, што ён будзе насіць выданне для яго калег.

Прыносіў заўжды адзін асобнік. Сярод пакупнікоў газеты не распаўсюджваў, бо не меў, паводле яго слоў, такога права — не дамаўляўся на гэты конт з гаспадаром крамы. 

У дзень, калі здарыўся інцыдэнт, Чараухін зайшоў у краму, каб набыць, як ён казаў, прадукты. Паводле слоў пацярпелага, Прохараў нядаўна працаваў у краме. «Ён убачыў мяне і заявіў, каб я не распаўсюджваў фашысцкія газеты. Я тады абурыўся. Як, кажу, фашысцкія? Яна не фашысцкая. Яна зарэгістраваная ў Міністэрстве інфармацыі. Я маю права яе распаўсюджваць… Ён парушыў мае правы. Зняважыў мяне. Першае, што з яго вуснаў прагучала, гэта: «Не распаўсюджвай фашысцкай газеты». Гэта азначае, што я фашыст. Потым ён мяне вывалак на вуліцу. Я падвярнуў нагу і падрапаў руку», — даводзіў суду Віктар Чараухін. 

Паводле слоў распаўсюджвальніка, участковы, які афармляў пратакол, адгаварыў яго звяртацца ў судмедэкспертызу, каб зафіксаваць цялесныя пашкоджанні. 

Чаму Прохараў зрабіў выснову, што зарэгістраванае выданне «Новы час» — «фашысцкае», засталося няясным. Суд не стаў гэтага высвятляць.

У судзе Прохараў казаў, што чытаў газету. На пытанні журналіста пасля судовага пасяджэння адказваць адмовіўся, толькі згадаў пра «бандэраўцаў» і заўважыў, што «падзеі ва Украіне пачыналіся з такога». 

У судовым працэсе абвешчаны перапынак да 12 студзеня, бо не прыйшлі сведкі. Суддзя прыгразіла Прохараву, што калі сведкі з яго боку не з'явяцца, то іх прыцягнуць да адказнасці. 

Каментуючы судовы працэс, Віктар Чараухін зазначыў, што Дзмітрый Прохараў — ахвяра расійскай прапаганды. «Відаць, іншай інфармацыяй ён не валодае, таму ў яго аднабокае меркаванне: «фашысцкая газета» — і ўсё. У нас цяпер усё дужа насычана расійскай інфармацыяй. А многія каментатары выказваюцца, што менавіта пуцінскі рэжым блізкі да фашысцкага», — сказаў ён. 

Кідаць распаўсюджванне незалежнай прэсы Віктар Чараухін не збіраецца. Кажа, што канфліктных сітуацыяў, пакуль займаецца гэтым, было нямала, але з гэткай агрэсіяй, як ад ахоўніка ў краме, ён не сутыкаўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?