Дзяржсакратарка ЗША Кандаліза Райс папярэдзіла Тэгеран, што нядаўнія дзеяньні іранскіх катэраў у Пэрсыдзкай затоцы былі правакацыйнымі й небясьпечнымі.

У інтэрвію Арабскай службе Бі‑бі‑сі Райс нагадала Ірану, што ў ЗША ды іхніх хаўрусьнікаў сур’ёзныя інтарэсы ў рэгіёне, і Вашынгтон гатовы гэтыя інтарэсы абараняць.

Напярэдадні крыніцы ў міністэрстве абароны ЗША паведамілі, што ўначы з суботы на нядзелю пяць іранскіх хуткаходных катэраў правакавалі тры вайсковыя караблі ЗША, неаднаразова набліжаліся да іх і перадавалі па радыё, што маюць намер іх узарваць.

Тэгеран, у сваю чаргу, заявіў, што гаворка ідзе пра штатную сытуацыю.

«Праблема была вырашаная пасьля таго, як абодва бакі апазналі адзін аднаго», — заявіў прадстаўнік іранскага МЗС.

У інтэрвію Рэйтэр прадстаўнікі Пэнтагону ўдакладнілі, што інцыдэнт адбыўся ў нэўтральных водах Армускай пратокі , якая лучыць Пэрсыдзскую й Аманскую затокі.

Тэлекананал Сі‑эн‑эн з спасылкай на ананімную высокапастаўленую крыніцу паведаміў, што амэрыканцы былі гатовыя адкрыць агонь.

«Я іду на вас. Праз пару хвілінаў вы будзеце падарваныя», — працытаваў Сі‑эн‑эн тэкст адной з іранскіх радыёграм амэрыканцам.

Іранскія катэры падыходзіла на адлеглсьць у 200 мэтраў, і «літаральна ў самы момант, калі амэрыканскія вайскоўцы былі гатовыя адкрыць агонь» іранцы разварочваліся й адыходзілі, — расказаў чыноўнік Пэнтагону агенцтву Асашыэйтэд прэс.

Некаторыя з крыніц у Пэнтагоне адцемілі прыналежнасьць іранскіх катэраў Корпусу вартаўнікоў ісламскай рэвалюцыі — ваенізаванай структуры кіроўнага ў Іране ісламскага духавенства.

Амэрыканскія афіцыйныя асобы назвалі дзеяньні іранскіх катэраў неасьцярожнымі, неразважлівымі і патэнцыйна несяброўскімі, а Белы дом папярэдзіў, што такія правакацыйныя акцыі здольныя прывесьці да небясьпечнага інцыдэнту.

Стасункі між Іранам і ЗША застаюцца надзвычай напружанымі, асабліва ў сувязі з іранскай ядравай праграмай.

Праблема іранскага атаму, як чакаюць, станецца адной з тэм перамоваў у часе заплянаванага турнэ Джорджа Буша па цэлым шэрагу краін Бліжняга Ўсходу.

Русская служба Би-би-си

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0