Пра гэта на сёньняшняй прэс‑канфэрэнцыі паведаміла начальнік аддзелу клімату «Рэспубліканскага гідрамэтэаралягічнага цэнтру» Алена Камароўская.
Надзвычай цёплым летась быў студзень, сярэдняя тэмпэратура якога на 7,8 градусаў перавышала кліматычную. Рэкордна непрацяглай была і кліматычная зіма, якая пачалася толькі напрыканцы студзеня і скончылася ўжо ў пачатку сакавіка. Самым халодным месяцам летась быў люты, самым цёплым — жнівень. Што да асадкаў, то мінулы год быў звычайным для Беларусі.
Галоўны сыноптык «Рэспубліканскага гідрамэтэаралягічнага цэнтру» Вольга Фядотава паведаміла, што маразы, якія прыйшлі ў Беларусь у пачатку году, ужо адступаюць. Бліжэйшымі днямі чакаецца барацьба між холадам і цяплом, будзе ісьці мокры сьнег, таксама чакаецца галалёд. Ужо заўтра тэмпэратура на Захадзе краіны, магчыма, будзе плюсавай. На выходных чакаецца каля нуля.
Па прагнозах спэцыялістаў сярэдняя тэмпэратура ў лютым складзе ‑4 — ‑7 градусаў. Раньняя вясна прыйдзе наўрад.