Літва, Вялікабрытанія, Данія і Эстонія заклікалі Еўракамісію распрацаваць план дзеянняў для барацьбе з расійскай прапагандысцкай кампаніяй.

Пра гэта гаворыцца ў лісце міністраў замежных спраў чатырох краін, які адрасаваны кіраўніку замежнапалітычнай установы ЕС Федэрыцы Магерыні, паведамляе Delfi.lt.

Ліст падпісалі міністры Літвы, Вялікабрытаніі, Даніі і Эстоніі Лінас Лінкявічус, Філіп Хэманд, Марцін Лідэгор і Кейт Пентус-Разіманус.

Яны папярэдзілі, што «Расія хутка пашырае сваю кампанію дэзінфармацыі і прапаганды» з мэтай падтрымкі «палітычных і вайсковых мэтаў расійскага ўрада».

Міністры заклікалі забяспечыць надзейную і канкурэнтаздольную інфармацыйную альтэрнатыву для рускамоўных жыхароў і тых, хто карыстаецца «кантраляванымі Расіяй СМІ».

Яны прапанавалі абмеркаваць тэму расійскай прапаганды на сустрэчы міністраў краін ЕС на пачатку года і заклікалі замежнапалітычную ўстанову ЕС распрацаваць план дзеянняў на 2015—2016 гг.

Аўтар ініцыятывы — кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус у пятніцу сказаў, што міністры «не прапаноўваюць цэнзуру ці забарону, але хочуць, каб былі створаныя ўмовы для па-сапраўднаму бесстаронніх, свабодных крыніц інфармацыі».

Паводле яго, Расія выдзяляе мільярдныя сумы кантраляваным дзяржавай СМІ і таму трэба «ўмацаваць устойлівасць грамадства да маніпуляцый».

«Хацелася б, каб мы не толькі на словах, але і канкрэтнымі дзеяннямі надавалі больш увагі стварэнню ўмоў для таго, каб людзі атрымлівалі альтэрнатыўную, свабодную, аб'ектыўную інфармацыю. Ні ў якім выпадку яна не павінна кантралявацца іншай «справядлівай» уладай, бо гэта таксама несвабодная інфармацыя», — сказаў міністр.

Прынамсі ў лісце ў Брусэль прапануецца стварыць у інтэрнэце платформу, на якой будзе падавацца інфармацыя аб хлусні і маніпуляцыі, прапагандзе, надавацца падтрымка ініцыятывам для стварэння тэлеканалаў, сеткавых парталаў, радыёстанцый і друкаваных СМІ на рускай мове, якія будуць заахвочваць абмен прадукцыяй ўнутры ЕС, прапаноўваць змест дзейным расейскім СМІ.

Нагадаем, раней прэзідэнт Эстоніі Тоомас Хендрык Ільвес заклікаў згуртавацца для барацьбы супраць прапаганды Крамля і «паралельнай рэальнасці», якую Расія стварае ў інфармацыйнай прасторы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?