З Бэрліна піша Алесь Кудрыцкі.

Зразумець, за што, а дакладней супраць чаго змагаецца Таварыства нямецкай мовы, лягчэй за ўсё раніцай, калі па радыё «Рамантык дрымз» рэклямуюць ёгурт «Ўікэнд філінг», а па тэлебачаньні паказваюць перадачу пра «паўэр-ўокінг», які дапамагае захаваць маладосьць ня горш, чым крэм з «антыэйджынгавым эфэктам».

Па-беларуску чытаецца ды чуецца выродліва, а па-нямецку дык і нармальна — усе ўжо даўно звыкліся з англіцызмамі, якімі бясконца папаўняецца нямецкі слоўнікавы запас. «Мова ў небясьпецы!» — б’юць у званы 25 тысяч сяброў Таварыства.

Супраць дэнглішу

Стратэгічная мэта ТНМ — захаваць і разьвіваць нямецкую мову. Тактычная — супрацьстаяць «дэнглішу» (гібрыд слоў «Deutsch» і «Englisch») — англа-нямецкай трасянцы.

«Агромністыя рэклямныя плякаты на трасянцы-дэнглішы псуюць сярэднявечную аўру нямецкіх гарадоў. Культура нямецкамоўных сьпеваў практычна зьнікла. Навука рыхтуецца сказаць нямецкай мове «гуд бай» — такую апакаліптычную карціну малююць у сваім маніфэсьце заснавальнікі таварыства. «Некаторыя людзі лічаць, што гэта «cool» (крута), але большасьць немцаў бачаць у гэтым непавагу да сваёй мовы».

ТНМ асабліва абурае тое, што дзяржава не клапоціцца пра моўную чысьціню. Англіцызмы запаланілі дзяржаўную нямецкую чыгунку, дзе прадаюць «тыкетсы» замест квіткоў, а замест пунктаў паслуг на вакзалах спрэс «сэрвіс-поінты». Тое ж тычыц- ца і дзяржаўнай нямецкай пошты, якая прапануе спажыўцам «ізітрэйд» ды «фанкард мэйлінг». Да нямецкай мовы гэтыя словы ніякага дачыненьня ня маюць.

Паводле ТНМ, галоўная прычына англізацыі мовы — палітычная і эканамічная гегемонія ЗША ды сусьветнае пашырэньне «амэрыканскага ладу жыцьця».

ТНМ зьвяртае ўвагу на тое, што гіпэртрафаванае выкарыстаньне ангельскай мовы парушае артыкул 3 Канстытуцыі Нямеччыны, які гарантуе, што ніхто ня можа быць дыскрымінаваны на падставе мовы. А старое пакаленьне, малаадукаваныя грамадзяне, замежнікі і іншыя людзі, якія ня маюць дастатковага веданьня ангельскай мовы, ня ў стане зразумець «дэнгліш».

Таварыства ўказвае на тое, што немцы адметныя нежаданьнем захоўваць вернасьць сваёй мове, а таксама невытлумачальнай слабасьцю да англіцызмаў.

«Мы ня маем нічога супраць замежных слоў, якія аблягчаюць разуменьне, — цьвердзіць ТНМ. — Але калі яны пачынаюць выкарыстоўвацца для абазначэньня самых звычайных рэчаў і зьяў — гэтага мы ня можам прыняць».

Сродкі барацьбы

Галоўны прыём ТНМ — зьвяртаць увагу грамадзтва на моўныя праблемы. Таварыства ладзіць лекцыі, сэмінары, набывае газэтную плошчу, дзе зьмяшчае аб’явы ў абарону мовы. Сябры ТНМ друкуюць артыкулы, дапамагаюць ствараць якасныя пераклады.

ТНМ спрыяе мове і грашыма — штогод праводзіцца конкурс, на якім прэзэнтуюць 35 тысяч эўра таму, хто зрабіў найбольшы ўнёсак у разьвіцьцё нямецкай мовы (у 2002 г. такім чалавекам была названа жонка расейскага прэзыдэнта Людміла Пуціна). ТНМ абірае «Моўнага фальсыфікатара году» — таго, хто найбольш нашкодзіў мове.

Супраць ангельскай

Многія сябры Таварыства выступаюць ня толькі ў абарону нямецкай мовы, але і супраць гегемоніі ангельскага слова ў Эўропе. Так, у апошнім нумары газэты таварыства «Моўныя навіны» (аналяг «Нашага слова») аўтар Бэрнд Мэй называе ангельскую «сусьветнай мовай з сындромам Гары Потэра» ды піша: «Калі ў брытанскіх калёніях была ўведзена мова каляністаў, то найпрасьцейшага запасу слоў хапала, каб даваць загады мясцоваму насельніцтву. Ніякая іншая мова не дае магчымасьці так выдатна абслугоўваць самыя нізкія ўзроўні яе выкарыстаньня».

Родальд Дзюамэль, старшыня Бэльгійскага саюзу германістаў і сябар ТНМ, кажа: «Вывучэньне ангельскай мовы як першай замежнай варта забараніць у школах па ўсёй Эўропе».

Да такіх радыкальных ацэнак у Нямеччыне схільныя адзінкі.

Аднак цікава, што калі нядаўна найбуйнейшы нямецкі таблёід «Більд» зьмясьціў на першай старонцы вялізны загаловак «ЭЗ адмаўляецца ад нямецкай мовы», рэакцыя была падобная да той, якую выклікала рашэньне «Нямецкай хвалі» вяшчаць па-расейску: масавае абурэньне інтэлігенцыі. Праўда, навіна аказалася звычайнай газэтнай вуткай — кіраўніцтва ЭЗ адразу запэўніла немцаў, што іх мова і надалей будзе выкарыстоўвацца ў справаводзтве на адным узроўні з ангельскай, застаючыся адной з працоўных моў кіраўніцтва ЭЗ. Таму крывяць душой эўрачыноўнікі, у першую чаргу нямецкія, калі выказваюць зьдзіўленьне тым, як беларусы абураюцца эўрапейскай моўнай палітыкай, — гэтая сытуацыя ім добра знаёмая.

Нямецкі Бушлякоў

Мэгазадача беларускіх мовазнаўцаў — зрабіць мову цікавай, гарачай тэмай для дыскусіі ў грамадзтве. Для гэтага варта павучыцца на прыкладзе «зоркі» ТНМ, пісьменьніка і журналіста Бастыяна Зыка. Ён — аўтар кнігі «Der Dativ ist dem Genitiv sein Tod» («Давальны склон — скон вінавальнага»), у якой вядзе чытача па заблытаных сьцежках цёмнага лесу нямецкай граматыкі. Кніга — абсалютны бэстсэлер у Нямеччыне, прычым гарантавана вытрымае столькі дапоўненых выданьняў, колькі будзе існаваць нямецкая мова.

«Нам патрэбна нешта накшталт моўнай паліцыі, якая б па-сяброўску, але дакладна ўказвала на памылкі ды накладала штрафы», — піша нямецкі філіял інтэрнэт-кнігарні «Amazon» у рэцэнзіі на кнігу Зыка. Бастыян Зык мае талент пісаць пра праблему суфіксаў так, што немцы надрываюць жывоцікі са сьмеху. І чырвонай ніткай праз Зыкавы кнігі і артыкулы праходзіць думка: калі размаўляеш па-нямецку, дык размаўляй менавіта па-нямецку. «Той, хто дадае да сваёй мовы ангельскі гарнір, спрабуе паказаць сваю абазнанасьць і сучаснасьць. А таксама адмежавацца ад тых, хто яго не павінен зразумець, бо на самай справе яму няма чаго сказаць», — кажа Зык на сайце часопісу «Шпігель» у сваёй калёнцы «Zwiebelfisch» (мoжна перакласьці як «Памылка друку»), аналягу «Жывoй мовы» ад радыё «Свабода». Амаль як Юрась Бушлякоў.

Немцы — што тыя беларусы

Калі дзе і трэба шукаць пункты сутыкненьня мэнталітэту беларусаў і немцаў, дык гэта ў іх стаўленьні да роднай мовы. Немцы, як і беларусы, саромеюцца станавіцца на яе абарону і шчыра дзівяцца, што замежнікі жадаюць яе вывучаць. Абодва народы не наважваюцца адкрыта і горача любіць сваю мову. І ў Нямеччыне, і ў Беларусі той, хто выступае за абарону мовы, рызыкуе зарабіць кляймо «нацыянал-фашыста». У абодвух выпадках незаслужана. Прычыны гэтага абсалютна розныя, а праявы падобныя.

«Многія немцы баяцца ўласнай культуры і ня могуць усьвядоміць, што іх уласная мова папулярная за мяжой», — піша аўтар «Моўных навін» Б’ёрн Акстынат пад рубрыкай «тыпова па-нямецку». У яго артыкуле аналізуецца фэномэн папулярнасьці нямецкамоўных музыкаў за мяжой і непапулярнасьці іх ва ўласнай краіне.

Так, на грамадзкіх радыёстанцыях WDR-2, SWR-1 ды NDR-2 гучыць усяго каля 10% песень на нямецкай мове. Тут, падобна як і ў Беларусі, лічаць, што нямецкія сьпевы ня могуць быць насамрэч прыбытковымі.

Нягледзячы на неймаверныя па нашых мерках інвэстыцыі ды ганарары, нямецкамоўныя музыкі нясуць на сабе ярмо правінцыялаў у параўнаньні са сваімі калегамі з-за Ля-Маншу. Вось, напрыклад, англамоўная поп-дзіва Сара Конар. Ці шмат хто ведае, што яна немка? У англамоўнай прасторы яе лічаць сваёй, як у Расеі тую самую Натальлю Падольскую.

У моўным сэнсе немцы — тыя ж беларусы. Праўда, ім лягчэй, бо яны сваёй мовай усё-такі карыстаюцца. Але і цяжэй, бо нямецкая мова пазбаўлена таго салодка-шчымлівага прысмаку навіны ды забароненасьці, як беларуская.

Даводзячы немцам важнасьць для беларусаў абароны роднай мовы, варта ўлічваць тое, што яны пераносяць сваё стаўленьне да ўласнай мовы на нас. Для іх мова — не сьвятыня, а прылада, як для салдата вінтоўка. Але калі іншыя народы ня лічаць за грэх тую вінтоўку чысьціць ды з гонарам паказваць яе сябрам і гасьцям, дык немцы намагаюцца пра яе згадваць як мага менш. Па зразумелых прычынах. Хаця б таму, што ў 1930-я гады мінулага стагодзьдзя ў Нямеччынe спачатку таксама было слова. Для немца абараняць сваю мову — непаліткарэктна. Яны лічаць гэта кепскім тонам і рэтраградзтвам, а то й горш — праявай нацыяналізму ды ксэнафобіі. Тое, як ставіцца да мовы ТНМ, — ня правіла, а выключэньне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0