У новым годзе зьмяніліся правілы і ўмовы выдачы польскіх візаў у сувязі з далучэньнем Польшчы да Шэнгенскай зоны.

Зь 1 студзеня абавязвае новая дамова паміж дзяржавамі аб індывідуальным руху. Згодна з дамоваю, дакумэнты на візу разглядаюцца мінімум 5 працоўных, але не даўжэй, чым 10 каляндарных дзён.

Кажа консул Тамаш Казноўскі.

У практыцы гэтыя пяць дзён адпавядаюць тыдню. А калі ёсьць сьвяты, то нават болей. Яшчэ не здаралася, каб гэтыя вызначаныя пяць дзён былі запар.

Абавязваюць таксама новыя кошты. Шэнгенская віза зь 90-дзённым прыбываньнем на тэрыторыі дзяржаваў Шэнгенскай дамоўленасьці каштуе 60 эўра.

Ёсьць нацыянальная віза, зь якою можна прабываць толькі на тэрыторыі Польшчы. Яна каштуе 35 эўра й выдаецца максымальна на 180 дзён. У выпадку кожнай візы трэба мець дакумэнты, якія пацьвярджаюць мэту паездкі.

У выключных сытуацыях тэрмін выдачы візы можа быць скарочаны да трох працоўных дзён.

Нягледзячы на павышэньне коштаў візы, перад консульствам Польшчы ў Менску надалей стаіць вялікая чарга, а людзі запісваюцца ў адмысловы сьпіс, каб патрапіць на прыём. Там пабывала наша карэспандэнтка Марыя Кароль.

Пад консульствам ёсьць адмысловы сьпіс. Апошні чалавек запісаны пад нумарам 710. Кожная асоба са сьпісу павінна штодзённа прыходзіць а 14 гадзіне на пераклічку. Адпаведна яна прыбліжаецца да пачатку сьпісу. "Кіруе" працэсам звычайны мужчына, які хоча паехаць на працу ў Польшчу. Ён павінен быў быць на працы яшчэ 20 сьнежня. У чаргу ён стаў 18 сьнежня, але да гэтага часу яшчэ не зрабіў сабе візы. Напрыклад, жанчына, якая зьбіраецца на лячэньне ў Польшчу, кажа, што яе не палохае кошт візы. Яе палохае й не задавальняе час, які трэба правесьці перад консульствам.

Консул Тамаш Казноўскі кажа, што жадаючых атрымаць візу вельмі шмат. Аднак консульства мае свае магчымасьці й акрэсьленыя нормы працы. Штодзённа выдаецца каля 250 візаў. Чарга, якая стаіць перад консульствам, мае сваё асобнае існаваньне.

Т. Казноўскі: Мы на чаргу ня маем ніякага ўплыву. Яна стаіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, яшчэ перад тэрыторыяй консульства. Рэспубліка Польшча й польскае консульства пачынаецца ад уваходных дзьвярэй. І толькі за імі мы можам кіраваць працай і мець на нешта ўплыў. Мы бачым, што чарга ёсьць, ствараюцца сьпісы, але гэта справа беларускіх уладаў. Гэта не ўваходзіць у нашую кампэтэнцыю.

Яшчэ да новага году па візу можна было зьвярнуцца ў менскія турагенцтвы. На дадзены момант у пераважнай большасьці турфірмы не прымаюць заявак на польскія візы. У адной зь іх нам сказалі, што па атрыманьне польскай візы можна зьвяртацца толькі пасьля 8 студзеня.

Працаўнік турфірмы: Сапраўды ёсьць праблема. Мы цяпер тэрарызуем консульства, але ў адказ стала чуем, што толькі пасьля 8 студзеня можна будзе атрымаць дакладнаю інфармацыю. Мы, канешне, спрабуем атрымаць гэтую інфарацыю раней, але кліентаў просім прыходзіць пасьля гэтай даты. Чаму менавіта восьмага, мы ня ведаем, гэта стандартны адказ консульства.

Да новага году ў нас ніякіх праблемаў з атрыманьнем візы не было, а цяпер мяняюцца правілы, каб атрымаць візу, патрэбныя дадатковыя дакумэнты. Калі казаць пра час выдачы візы, то мінімум гэта 10 дзён. Наколькі мне вядома, консульства мае права падчас нейкіх зьменаў узяць сабе перапынак на дапрацоўку схемы выдачы візаў. Напрыклад, украінцы бяруць па дзесяць дзён перапынку.

У консульстве Польшчы нам сказалі, што непаразуменьне паміж консульскімі працаўнікамі й звычайнымі беларусамі вынікае зь няведаньня людзьмі падпісаных беларуска-польскіх пагадненьняў. Людзям здаецца, што консульства тармозіць працу і ўскаладняе працэс выдачы візы. Аднак працаўнікі консульскіх аддзелаў павінны выконваць незалежныя ад іх загады й нормы падпісаных дакумэнтаў.

Алена Пытэль, Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0