Марыя і Анастасія, былыя актывісткі луганскага Еўрамайдану, распавялі журналістам hromadske.tv пра змаганне за Украіну ва ўмовах акупацыі ў сваім родным горадзе.
Амаль адразу, па іхным словам, Еўрамайдан у Луганску стаў не акцыяй за той ці іншы знешнепалітычны выбар краіны, а за захаванне ўкраінскасці ў горадзе.
«Луганскія міліцыянеры хадзілі з «георгіеўскімі» стужкамі і, хутчэй, абаранялі ўзброеных апалчэнцаў, чым безабаронных людзей з украінскімі сцягамі», — кажуць расійскамоўныя дзяўчыны, апранутыя ў камуфляжную форму.
Зараз яны пайшлі добраахвотніцамі ва ўкраінскі батальён «Луганск-1».
А вясной і напачатку лета яны пачалі супраціў ва ўмовах падполля — малявалі начамі ўкраінскую сімволіку на мурах, пісалі лозунгі, вывешвалі дзяржаўныя сцягі на будынках, распаўсюджвалі ўлёткі.
У адзін з дзён яны павесілі вялікі жоўта-блакітны сцяг на шматпавярхоўным будынку побач са штабам баевікоў, размешчаным у былым памяшканні луганскай СБУ.
«Мы верылі, што людзям гэта патрэбна, і што ў кагосьці гэта знойдзе адгалосак. Бо ведаць, што ты не адзін, убачыць гэта візуальна, а не проста пераглядвацца гэта вялікая падтрымка», — кажа Марыя.
Важна, каб і астатняя Украіна ведала, што ўкраінцы Луганска ёсць і змагаюцца, дадаюць дзяўчыны. Насельніцтва ў цэлым займае тую пазіцыю, што і раней — падтрымліваюць тых, хто плаціць і забяспечвае ўмовы для жыцця, без ілюзій распавядаюць яны.
Калі ўкраінская армія вернецца ў Луганск, вайна за свядомасць людзей толькі пачнецца, лічаць мясцовыя добраахвотніцы.