12.01.2015 / 16:29

У Беларусі ствараецца Адзіная база даных донарства крыві 1

У Беларусі ствараецца Адзіная база даных донарства крыві і яе кампанентаў. Гэта прадугледжана зменамі, унесенымі ў закон «Аб донарстве крыві і яе кампанентаў», паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

У базу будуць унесеныя звесткі, якія дазваляюць устанавіць асобу донара і рэцыпіента; звесткі аб посттрансфузіённых рэакцыях і ўскладненнях (наступствах пералівання крыві, яе кампанентаў); аб аб'ёмах нарыхтаванай крыві і яе кампанентаў; аб запасах крыві, яе кампанентаў у канкрэтных арганізацыях аховы здароўя, медыцынскіх навуковых арганізацыях з указаннем групы крыві, рэзус-прыналежнасці, фенатыпу; аб асобах, у якіх выяўленыя медыцынскія супрацьпаказанні для здачы крыві і яе кампанентаў; іншыя звесткі, вызначаныя Міністэрствам аховы здароўя.

Згодна з дапаўненнямі, унесенымі у арт. 17 закона аб донарстве, наймальнік абавязаны бесперашкодна адпускаць работніка ў дзень выканання донарскай функцыі, а ў выпадку немагчымасці з-за вытворчых прычын — прапанаваць іншы дзень, выбраны паводле ўзгаднення з работнікам (за выключэннем выпадкаў выканання донарскай функцыі ў экстранным парадку ў мэтах захавання жыцця і здароўя рэцыпіента).

Акрамя таго, у новай рэдакцыі выкладзены арт. 31 закона, які канкрэтызуе парадак выплаты донару сярэдняга заробку, давання яму дадатковага дня адпачынку ў выпадку здачы крыві на бязвыплатнай аснове ў выхадныя, святочныя дні, дні адпачынку, іншыя дні і інш. 

Закон таксама дапоўнены арт. 31.1 аб здачы крыві і яе кампанентаў на бязвыплатнай аснове. У прыватнасці нагрудны знак «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь», які прадугледжвае шэраг ільгот, выдаецца пры здачы на бязвыплатнай аснове не менш як 20 данацый крыві або 40 данацый плазмы, лейкацытаў, трамбацытаў. Для атрымання такога знака на платнай аснове неабходна здаць не менш як 40 данацый крыві або 80 данацый плазмы, лейкацытаў, трамбацытаў.

Асноўныя змены ў закон набываюць моц праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання, якое адбылося 11 студзеня.

0
я / Адказаць
12.01.2015 / 22:11
даных , або дадзеных? ---цікава самому.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру