Ніколі не забуду гэтую сцэну. Бабуля ў слязах просіць у бацькі прабачэння за тое, што яна разбурыла яго (нашу) сям'ю, кажа, трымаючыся за крыж: «Ты, Лёша, быў выдатным чалавекам. Гэта я ва ўсім вінаватая. Прабач мяне…» І ледзь не падае на свежую магілу: бацьку толькі што пахавалі …

А я плачу ўдвая горка: таму што бацька раптоўна сышоў ад мяне, адзіны мудры дарадца ў маім жыцці, любімы волат, і таму, што бабуля раскайваецца і, я ведаю, ніколі сабе не даруе гэтага. Да канца будзе ўспамінаць і плакаць, прасіць у неба прабачэння. І яшчэ я ведаю: так, гэта яна шмат у чым вінаватая ў тым, што я расла без бацькі. Я нават суцешыць не магу роднага чалавека… Мы ўсе ведаем праўду і яна — горкая. І раскаянне не суцішыць боль. Ужо ніколі. Не дай Бог вам такога вопыту.

Нядаўна сяброўка напісала ў фэйсбуку, што ў яе сяброўкі ў сям'і сапраўдная драма: маці неўзлюбіла мужа дачкі і ўсімі праўдамі і няпраўдамі спрабуе разбурыць сям'ю. Дайшло да ультыматумаў: ці ён, ці я. Яна пагражае (я адракуся ад цябе!) і маніпулюе (я паміраю, усё ты вінаватая, разводзься!). Ну, ці не дурная?!

Я чытаю і разумею: мая сям'я прайшла праз падобную гісторыю. Бабуля вельмі няпросты чалавек, вельмі прывязаная да дачкі (і да мяне). Ведаеце, такая мама-мама. Дзядуля рана памёр ад раку, і бабуля ўсю сябе ўклала ў дачку, маю маму, а потым і ў мяне, ўлюбёнку. Калі мама выйшла замуж і з'ехала да бацькі, то бабуля раўнавала страшна, усяляк стараючыся пасяліць у сям'і разлад: яна проста не магла зразумець, як гэта яна засталася адна. У выніку бацькі пераехалі да бабулі. А праз нейкі час развяліся. І я расла без бацькі, урыўкамі з ім размаўляючы. Толькі ў апошнія гады мы сталі па-сапраўднаму блізкія… А цяпер яго няма… Усе казалі, што бабуля стала прычынай, па якой сям'я распалася: і мама, і бацька, ды і сама бабуля. Мама, вядома, таксама малайчына, але яна — плён бабулінага выхавання, на жаль.

«Трэба было думаць сваёй галавой і не пераязджаць да маці», — уздыхае мама. «Калі б мама твая была больш самастойная, то ўсё было б добра», — казаў мне бацька. А цяпер гэтыя запозненыя раскаянні бабулі…

Пераход ад юначага жыцця да самастойнага заўжды эмацыйны і складаны. Фота Сяргея Гудзіліна.

Пераход ад юначага жыцця да самастойнага заўжды эмацыйны і складаны. Фота Сяргея Гудзіліна.

Калі б ды каб… Калі мне споўнілася 18, я пайшла ад бацькоў на здымную кватэру. І жыла самастойна, забяспечвала сябе і будавала сваё жыццё. Быў жудасны скандал, маніпуляцыі і пагрозы. Але я не паддалася: вельмі ўжо яскрава стаяў прыклад маці перад вачыма, я не хацела трымацца ні за чыю спадніцу і стварала сябе сама. Упэўненая: гэта быў адзіны правільны выбар. А адносіны з бацькамі, дарэчы, сталі значна трывалейшымі і больш шчырымі, чым былі да гэтага. Я ніколі не была б так блізкая з мамай і бабуляй, калі б жыла з імі.

Доўгія высновы і эпілогі недарэчныя. Вучыцеся адпускаць дзяцей і давяраць ім. Каб не падаць у слязах адчаю і раскаяння на магілу дачкі (сына) або нявесткі (зяця). Не дай вам Бог.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?