Экспарт дзесяці асноўных беларускіх тавараў у Расію ў студзені—лістападзе 2014 года у параўнанні з аналагічным перыядам 2013 года скараціўся на 1 млрд. даляраў, сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі.
Экспарт трактароў і седлавых цягачоў знізіўся на 172,5 млн. даляраў, малака і вяршкоў — на 166 млн. даляраў, грузавых аўтамабіляў — на 145,9 млн. даляраў, шын — на 117,8 млн.
Таксама істотна паменшыўся экспарт у РФ машын для ўборкі сельгаскультур (на 88,7 млн. даляраў), металапрадукцыі — стальных пруткоў (на 83,3 млн.).
Пастаўкі каўбас і аналагічных прадуктаў з мяса скараціліся на 70,4 млн. даляраў, свініны — на 60,8 млн. даляраў.
Поруч з гэтым зафіксавана зніжэнне экспарту ў Расію тэлевізараў і аўтобусаў.
У лістападзе 2014 года ў параўнанні з кастрычнікам валютныя паступленні (выручка) ад экспарту беларускіх тавараў у Расію знізілася на 266,8 млн. даляраў да 1 млрд. 76,2 млн. даляраў.
На думку экспертаў, зніжэнне валютных паступленняў ад экспарту беларускіх тавараў у Расію абумоўлена шэрагам прычын, у першую чаргу паскарэннем тэмпаў дэвальвацыі расійскага рубля ў чацвёртым квартале 2014 года, у выніку чаго экспартная выручка Беларусі ў доларавым выражэнні стала памяншацца.
Выступаючы ў лістападзе ў Палаце прадстаўнікоў, прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч канстатаваў, што з-за зніжэння цэн (у доларавым выражэнні) на рынку Расіі беларускім экспарцёрам даводзіцца шукаць іншыя геаграфічныя кірунку збыту сваёй прадукцыі.
Акрамя таго, восенню 2014 года многім беларускім вытворцам мяса-малочнай прадукцыі былі забаронены пастаўкі на расійскі рынак.
Устаноўленыя абмежаванні расійскія ўлады матывавалі тым, што партыі беларускай прадукцыі не адпавядаюць санітарным нормам і патрабаванням, прадугледжаным расійскім заканадаўствам.