Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый (НДА) назвала лаўрэатаў шостай прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці». Цырымонія ўзнагароджання адбылася ўвечары 13 студзеня ў Мінску.

Прэміяй «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці» ўганароўваюцца выбітныя асобы, арганізацыі, а таксама адзначаюцца падзеі, якія былі знакавымі для развіцця трэцяга сектара Беларусі летась. Яны вызначаюцца паводле галасавання 44 членаў рабочай групы Асамблеі НДА з ліку прадстаўнікоў розных арганізацый, а таксама 56 адмыслова запрошаных экспертаў з лідараў НДА, журналістаў, што пішуць пра трэці сектар, ды папярэдніх пераможцаў прэміі.

Званнем «Грамадскі лідар года» ўганараваны некалькі дзясяткаў вядучых шматлікіх моўных курсаў, якія стала працавалі альбо з`явіліся летась. Так, ад імя каманд моўных курсаў са словамі падзякі выступілі Аляксей Шэін («Моваведа»), Валярына Кустава («Мова ці кава») і Алена Шарамет («Мова TUT»). Арганізатарам курсаў «Мова нанова» ганаровы дыплом і статуэтка былі ўручаны напярэдадні.

У намінацыі «Кампанія года» перамагла каманда «Арт Сядзібы» за грамадскую кампанію «Пазнач сябе беларусам», якая стартавала 6 снежня мінулага года. Падчас першай акцыі гэтай кампаніі каля сотні валанцёраў раздалі ў Мінску 5 км стужкі з нацыянальным арнаментам. Апроч таго, журы адзначыла ўнёсак каманды ў справу папулярызацыі беларускіх сімвалаў з дапамогай «вышымаек» — маек з беларускім арнаментам.

Пераможцам у намінацыі «Новая ініцыятыва» стала грамадская ініцыятыва «Эксперты ў абарону Курапатаў», у якую ўваходзяць археолагі, архітэктары, інжынеры, юрысты, культуролагі, журналісты. Летась сябры ініцыятывы ў судовым парадку актыўна займаліся юрыдычнай абаронай ахоўных межаў месца расстрэлаў палітычных ахвяраў ва ўрочышчы Курапаты ад незаконнага скарачэння і забудовы.

Найбольш адметнай рэгіянальнай падзеяй мінулага года, па версіі Асамблеі НДА, стала адзначэнне ў кастрычніку мінулага года ў Свіслачы (Гродзенская вобласць) 20-га Дня памяці ўдзельнікаў паўстання 1863 года.

Небывалая акцыя салідарнасці беларускіх футбольных заўзятараў на матчы паміж Беларуссю і Украінай 9 кастрычніка на «Барысаў-Арэне», якая скончылася масавым затрыманнем фанатаў, атрымала ганаровае званне «Крэатыву года». На цырымоніі ўручэння ўзнагарод госці імпрэзы праслухалі аўдыяпадзяку аднаго з заўзятараў, які захацеў застацца неназваным. У сваім звароце ён абверг тое, што ў акцыі быў палітычны падтэкст, заявіўшы, што заўзятары проста падтрымлівалі свае каманды.

Узнагароду «Гарбуз года», якая ўручаецца за негатыўныя дзеянні ў дачыненні да арганізацый грамадзянскай супольнасці і іх прадстаўнікоў, сёлета атрымалі ўпраўленне па грамадзянству і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкама і аддзел па грамадзянству і міграцыі Першамайскага РУУС Мінска, якія прычыніліся да анулявання віду на жыхарства праваабаронцы Алены Танкачовай.

Журналіст газеты «Новы час» Марат Гаравы стаў лепшым у намінацыі «Журналіст ці медыя года» за «найбольш грунтоўнае і рознабаковае асвятленне грамадскай дзейнасці ў СМІ».

Найлепшым сайтам НДА, па версіі арганізатараў прэміі, сёлета стаў інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў nastaunik.info.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?