13.01.2015 / 21:53

Беларуская ялінка ў Таронта ФОТАРЭПАРТАЖ 4

Мароз лютаваў на двары, а ў беларускім цэнтры Таронта панаваў святочны настрой.

З самага ранку тут звінелі дзіцячыя галасы, чуўся смех дарослых. На святочную Ялінку, якая адбылася 11 студзеня, завіталі маленькія беларусы разам са сваімі бацькамі.

Цэлы год дзеткі чакалі гэтага свята. Яны рабілі касцюмы, вучылі вершы, песні. І вось гэты дзень прыйшоў!

Загарэліся рознакаляровыя агеньчыкі на ялінцы, зазіхацелі яркія гірлянды, зайграла музыка — радасная мітусня напоўніла залу.

Спадарыня Валянціна Шаўчэнка запрасіла ўсіх прысутных заняць свае месцы і свята пачалося!

З вітальнаю песняй да гасцей выйшлі ў святочных строях калядоўшчыкі. Гэта фольк-група «Яваровы людзі» далучыла і малых, і дарослых да старажытнага абраду калядавання, падрыхтаваўшы адмысловую праграму з народнымі песнямі і забаўкамі. Акрамя спявачак, весялілі прысутных і гулялі з дзеткамі Мядзведзь, Бусел, Доктар, Конь і Зайчык.

Вядома ж, дзеці з нецярпеннем чакалі Дзеда Мароза і Снягурку, усе разам клікалі іх у залю да прыгажуні ялінкі.

Малыя навыперадкі чыталі Дзеду Марозу вершы, спявалі, танчылі. І ўсе дзеткі атрымалі ад яго цудоўныя падарункі! Карагоды вакол ялінкі, гульні, загадкі, танцы захапілі і дзетак, і дарослых.

Да вечара у беларускім цэнтры віравала свята (сабралася 37 дзяцей).

Адыходзячы дадому, бацькі і дзеткі шчыра дзякавалі арганізатарам свята Ірыне Тоўсцік і Алене Лявончанцы за Ялінку. І не было лепшай падзякі пад час развітання, як бачыць шчаслівыя твары маленькіх беларусаў!

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Надзея Лявончанка, фота Надзеі Лявончанкі і Наталлі Арбузавай

0
Лявон / Адказаць
13.01.2015 / 23:10
Паглядзеу и стала прыемна,што далека у замежжы нашыя бееларуски и беларусы так добра сьвяткуюць сьвяты. Цудоуны вечар,а дзетки,такия милыя,малайцы! Радуе тое,што на сьвяткаванни наш нацыянальны герб"Пагоня",,белчырвонабелы сьцяг,шыльды па-беларуску. Усяго Вам самага найлепшага у жыцци и працы даражэнькия. З павагай-Лявон.
0
Mjascovy / Адказаць
13.01.2015 / 23:23
Малайцы !!! Жыве Беларусь !!!
0
Мігцень / Адказаць
13.01.2015 / 23:35
Вельмі цікава! Шкада, што мала матарыялаў аб беларускай дыяспары.. Цікава, колькі этнічных беларусаў жывуць у Таронта?
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру