brsm.by

brsm.by

Забяспечыць доўгатэрміновую стабільнасць цэн і валютнага курсу можна пры дапамозе двух варыянтаў рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі.

Такое меркаванне выказаў памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды падчас традыцыйнай міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Мінску. Яго выступленне апублікаванае ў снежаньскім нумары «Экономического бюллетеня» НДЭІ Мінэканомікі. 

На думку памочніка прэзідэнта, забяспечыць доўгатэрміновую стабільнасць цэн і валютнага курсу можна пры дапамозе ўплыву на цэны праз курс і на цэны і курс праз грашовую масу. 

«Варыянт першы — фіксацыя валютнага курсу.

Вопыт у галіне жорсткай фіксацыі курсу маюць Балгарыя, Ганконг, Літва і Эстонія. Сутнасць яе ў тым, што праз заканадаўства грашовая маса прывязваецца да валютных рэзерваў і фіксуецца курс», — канстатаваў Руды. 

Эмісія пры такім варыянце, растлумачыў ён, ажыццяўляецца толькі шляхам куплі Нацбанкам валюты, гэта значыць нацыянальная валюта прыходзіць у эканоміку ў межах паступленняў замежнай валюты ад экспарту і знешніх інвестыцый. 

«Перавагі фіксацыі валютнага курсу ў наступным: яна абумоўлівае інфляцыю меншую за 10%, зніжэнне дэвальвацыйных і інфляцыйных чаканняў, рост даверу да нацыянальнай валюты, павелічэнне банкаўскіх зберажэнняў і падзенне працэнтных ставак, рост валютных рэзерваў», — адзначыў Руды. 

Недахопы такога варыянта грашова-крэдытнай палітыкі, лічыць памочнік прэзідэнта, заключаюцца ў тым, што «Нацбанк не можа крэдытаваць банкі; тармозіцца рэалізацыя дзяржпраграм; не забяспечваецца рынкавае пераразмеркаванне рэсурсаў; з'яўляюцца неэфектыўныя арганізацыі». 

Другі варыянт забеспячэння стабільнасці цэн і валютнага курсу, адзначае Руды, — фіксацыя росту грашовай масы.

Пры такім сцэнарыі, растлумачыў памочнік прэзідэнта, Нацбанк устанаўлівае мяжу павелічэння грашовай масы, даводзіць параметры да банкаў па крэдытаванні эканомікі і кантралюе іх выкананне. 

Перавагі гэтага варыянта заключаюцца ў тым, што ён дазваляе завяршыць шэраг старых дзяржпраграм і падтрымаць умераны рост эканомікі, мяркуе Руды. 

«Недахопы наступныя: інфляцыя 10—15%, часовыя дэвальвацыйныя і інфляцыйныя чаканні. Вядома, абодва варыянты маюць свае недахопы, але горшае для доўгатэрміновага рэгулявання — не рабіць нічога», — перакананы Кірыл Руды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?