Чарговыя лісты ад імя незарэгістраванай арганізацыі РНЕ атрымалі сёння віцебскі грамадскі актывіст Барыс Хамайда і рэдактар незалежнай газеты «Кур’ер з Віцебску» Уладзімір Базан.
Спадару Базану ліст даслалі на абанентскую скрыню, а спадару Хамайду кінулі ў паштовую скрыню па месцу жыхарства. Аўтары лістоў пагражаюць «нашкодзіць» рэдактару «Кур’ера» і распаўсюджвальніку газеты Барысу Хамайду. Пазбегнуць «пакарання» спадары Базан і Хамайда, паводле аўтараў лістоў, могуць ў тым выпадку, калі незалежная газета выступіць супраць усталявання памятнага знака габрэям, што былі расстраляны ў віцебскім гета ў часы Вялікай Айчынай.
Пакараць Уладзіміра Базана і Барыса Хамайду аўтары лістоў абяцаюць, спасылаючыся на свае сувязі з мясцовымі ўладамі.
Нагадаем: памятны знак расстраляным вязням віцебскага гета плануецца ўсталявацть па ініцыятыве грамадскага аб’яднання «Гарадская габрэйская супольнасць». Аб’яднанне ўжо атрымала дазвол абласнога выканкама, вызначана месца, дзе будзе знаходзіцца знак, а вядомы беларускі скульптар і архітэктар Леанід Левін працуе над праектам помніку.
Барыс Хамайда мае намер звярнуцца ў абласную пракуратуру. Уладзімір Базан пакуль не вырашыў, ці варта звяртацца па дапамогу да праваахоўных органаў. Лісты з пагрозамі ад імя РНЕ віцебскія актывісты, журналісты і работнікі культуры атрымліваюць не першы раз, але ні міліцыя, ні пракуратура дагэтуль не прыклалі сур’ёзных намаганняў, каб адшукаць тых, хто пагражае грамадзянам Беларусі ад імя расейскай прафашыстскай арганізацыі.