У Бортнічах (мікрараён Кіева, Украіна) у вадаправод трапілі каналізацыйныя сцёкі. Колькасць пацярпелых з-за заражанай вады дасягнула 97 чалавек, сярод іх — 77 дзяцей.

Пра гэта паведамляе прэс-служба Дзяржаўнай санітарна-эпідэміялагічнай службы Украіны.

«Працягваецца эпідэміялагічнае расследаванне ўспышкі вострай кішачнай інфекцыі, якая ўзнікла ў Дарніцкім раёне г. Кіева. Па стане на 14 студзеня 2015 года сярод жыхароў мікрараёна Бортнічы зарэгістравана 97 выпадкаў захворванняў, у тым ліку 77 — сярод дзяцей», — гаворыцца ў паведамленні. Адзначаецца, што інтэнсіўнасць паступлення хворых у медыцынскія ўстановы паступова зніжаецца.

У ведамстве падкрэслілі, што для папярэджання далейшага распаўсюджвання захворванняў на свідравінах, ад якіх сілкуецца вадаправод, праводзіцца дэзінфекцыя. Пры гэтым жыхарам гэтага мікрараёна не рэкамендуецца ўжываць для піцця і харчовых мэтаў ваду з водаправода да завяршэння прафілактычных і супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Для гэтага жыхарам арганізаваны падвоз пітной вады спецыялізаваным аўтатранспартам.

Паводле дадзеных Дзяржаўнай санітарна-эпідэміялагічнай службы Украіны, пры правядзенні даследавання пробаў вады з ачагоў захворвання ўстаноўлена перавышэнне нарматываў па мікрабіялагічных і санітарна-хімічных паказчыках.

«Кіеўводаканал» выплаціць кампенсацыю тым, хто атруціўся вадой. Пры гэтым у СЭС заявілі, што ў Бортнічах якасная пітная вада з'явіцца праз тры месяцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?