2007 год падараваў нямала яркіх музычных рэлізаў і адкрыццяў. Цягам году па ўсёй краіне выйшла ля шасці дзесяткаў альбомаў рок‑выканаўцаў — для нашай культурнай прасторы гэта нямала. Падсумаваць усё і ўзнагародзіць найлепшых — такая задача ў штогадовай цырымоніі «Рок‑Каранацыя», якую ладзяць прадзюсер Юры Цыбін ды інтэрнэт‑партал «Тузін Гітоў».

Сёлета яна пройдзе 29 лютага ў канцэртнай залі «Мінск» ужо ў 12‑ты раз. Два гады таму стаўку зрабілі на рэгіянальных выканаўцаў, летась — на новыя імёны, а сёлета арганізатары «Рок‑Каранацыі» вырашылі зрабіць акцэнт менавіта на галоўных героях

— Будуць традыцыйныя ўжо намінацыі — «Альбом году», «Рок‑князёўна», «Песня году», «Праект», рок‑кароль, — кажа заснавальнік гэтай музычнай прэміі Юры Цыбін. — Летась вярнуліся з сваімі новымі альбомамі нашы старыя каманды. І яны засведчылі, што здольныя канкураваць з маладымі гуртамі.

Акторку тэатра імя Янкі Купалы Ганну Хітрык называюць у ліку лідэраў маладога пакалення беларускага тэатру. Можа так стацца, што яна займее не меншы поспех і на рок‑сцэне — якраз летась яе гурт «Дзеці дзяцей» запісаў і выдаў свой першы альбом і ўжо мае ўласны фан‑клуб. Каманда на чале з Ганнай Хітрык — адзін з прэтэндэнтаў на атрыманне рок‑кароны ў намінацыі «Адкрыццё году». Сама акторка‑спявачка кажа, што сапраўды мінулы год аказаўся для яе гурту вельмі плённым.

— Мы прэзентавалі наш першы дыск «Канверты для сноў» і ўжо рыхтуем новы, знялі кліп на кампазіцыю «Не надо», з дапамогай фан‑клубу зрабілі сайт. Але для мяне гэта сюрпрыз, што мы можам стаць «Адкрыццём году». Але, канешне, спадзяемся на атрыманне кароны.

Гурт «Нейра дзюбель» — у ліку асноўных прэтэндэнтаў на галоўны прыз цырымоніі «Рок‑Каранацыя» — вялікую рок‑карону. Колісь каманда Аляксандра Кульлінковіча ўжо была прызнаная найлепшым беларускім гуртом. Тады, у 1998‑м прыз ім уручыў Уладзімір Мулявін, з якім потым «дзюбелі» разам выканалі славутую «Волагду». Сёлета лідэр «Нейра дзюбеля» спадзяецца ізноў выйсці на сцэну па Рок‑Карону.

— Я напэўна ўпершыню з 1998 году хачу патрапіць на «Рок‑Каранацыю», бо вельмі разлічваю на прыз. Лічу, што летась мы шмат гралі і шмат чаго зрабілі. Нясціпла мяркую, што 2007 — быў годам «Нейра дзюбеля».

Свой удзел у сёлетняй цырымоніі «Рок‑Каранацыя» ужо пацвердзілі самыя яркія беларускія рок‑гурты — акрамя «Нейра дзюбелю» і «Дзеці дзяцей» плануецца выступ гуртоў «Крама», Osimira, «Палац», «Фляўс і Кляйн», «Гурзуф», «Тарпач». Вядуцца перамовы з іншымі беларускімі гуртамі. Арганізатары абяцаюць, што 29 лютага будзе сапраўднае рок‑шоў.

Сяргей Будкін, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0