Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў менгарвыканкаме старшыня камітэту па працы, занятасьці й сацыяльнай абароне Менгарвыканкаму Анатоль Ражанец паведаміў, што ўсе сталічныя доўгажыхары будуць атрымліваць прыбаўку да пэнсіі, а непрацоўным маці загінулых вайскоўцаў памер прыбаўкі будзе павялічаны.

Доўгажыхарамі менскія чыноўнікі лічаць усіх, каму больш за 95 гадоў. Такіх у Менску 355 чалавек. Падтрымка прадугледжаная праграмай па сацыяльнай дапамозе асобным катэгорыям жыхароў сталіцы, ухваленай пры канцы году сэсіяй Менгарсавету. Дапамога не закране тых доўгажыхароў, хто знаходзіцца на поўным дзяржаўным забесьпячэньні. Памер надбаўкі — адна мінімальная пэнсія па ўзросьце (крыху больш за 46 тысяч рублёў).

Штомесячную сацыяльную дапамогу да пэнсіяў атрымліваюць непрацоўныя маці (у выпадку іх адсутнасьці — непрацоўныя бацькі) вайскоўцаў, якія загінулі пры выкананьні вайсковага або службовага абавязку ў Афганістане або іншых дзяржавах, дзе вяліся баявыя дзеяньні. Летась гэтая катэгорыя атрымала прыбаўку ў памеры крыху большым за 23 тысяч рублёў на месяц. Сёлета гэтую суму плянуюць падвоіць і давесьці да памеру мінімальнай пэнсіі па ўзросьце.

Паводле АФН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0