Знакаміты клятчасты прынт даўно стаў сімвалам Англіі. Сярод прыхільнікаў клеткі Сомерсэт Моэм, Артур Конан Дойл, Рэд’ярд Кіплінг, Бернард Шоў, Уінстан Чэрчыль, Марлен Дзітрых, Джэйн Фонда, Рональд Рэйган, прынцэса Дыяна, каралева Eлізавета і прынц Чарльз, Кейт Мос, Вікторыя Бэкхэм, Джэніфэр Эністан, Ліў Тайлер, Эма Уотсан.

У трэнчкоты Burberry былі апранутыя героі серыялаў «Каломба» і «Пуаро Агаты Крысці», персанажы знакамітых фільмаў «Касабланка» і «Сняданак у Ціфані».

Крыху гісторыі. Burberry — брытанская кампанія, вытворца адзення, аксэсуараў і парфумерыі класа люкс. Створана ў 1856 г. у Хэмпшыры. Томас Барберы пачаў сваю кар’еру з памочніка прадаўца тканіны, пасля адкрыў сваю маленькую краму і ўласнаручна пачаў шыць вопратку. У 1879 г. Томас вынаходзіць габардзін, матэрыял з ільняной тканіны і баваўнянай пражы, які дыхае, але пры гэтым не прапускае ваду. Непрамакальны плашч з габардзіну становіцца мегапапулярным. У 1924 г. на вопратцы з’яўляецца знакамітая клятчастая подшыўка. У 1955 г. моднаму дому было прысвоена званне афіцыйнага пастаўшчыка Яе Вялікасці каралевы, а ў 1989 г. — Яго Высокасці прынца Валійскага. У 2006 г. марка Burberry адзначыла сваё 150-годдзе. Сёння Burberry — адна з самых паважаных марак адзення і аксэсуараў прэміум-класа міжнароднага ўзроўню.

Трэба адзначыць, што патэнцыял клятчастага ўзору быў відавочна недаацэнены. Клетка сціпла з’явілася на нябачным баку трэнчкотаў, але так спадабалася моднікам, што яе сталі выкарыстоўваць як самастойны матэрыял для адзення і аксэсуараў. Хутка яна стала больш папулярнай за эмблему Burberry і нават пераўтварылася ў візітную картку маркі.

Насамрэч, магія клеткі абсалютна банальная. Яна нагадвала людзям традыцыйны ўзор на ангельскіх пледах, а разам з ім пра дом і ўтульнасць. У трэнчкота карані таксама не казачныя — сельскагаспадарчыя. На яго стварэнне натхнілі ваўняныя плашчы-халаты фермераў, якія насілі гэтую вопратку як зімой, так і летам. Сам трэнчкот атрымаў сваю назву ад ангельскага слова trench – траншэя. Падчас першай сусветнай брытанская армія замовіла Burberry каля 500 000 плашчоў.

Традыцыйную клетку чакала сапраўды трыўмфальнае шэсце – папулярнасць яе расла на працягу ўсяго ХХ ст. У 1970-х гэты малюнак на вопратцы і аксэсуарах стаў папулярны сярод ангельскіх футбольных фанатаў, што падняло ўзор на зусім новы ўзровень, і ён стаў адным з сімвалаў Брытаніі. Пік папулярнасці клеткі прыйшоўся на канец ХХ ст.

Разам з поспехам прыйшла і праблема ў выглядзе неверагоднай колькасці падробак. Кантрафактную прадукцыю, што распаўсюджваецца праз інтэрнэт-крамы, кампанія адсочвае і атрымлівае праз суд мільённыя кампенсацыі.

Нечакана з’явілася пагроза асацыялізацыі брэнда. Простыя людзі з ускрайкаў Лондана, дэбашыры і гопнікі ў спартовых касцюмах і кепках Burberry давялі сітуацыю да таго, што пабы былі вымушаныя забараняць уваход не толькі ў джынсах і красоўках, але і ў рэчах знакамітай маркі. У адказ на гэта кампанія Burberry прыняла рашэнне спыніць вытворчасць бейсболак з клятчастым малюнкам.

Камусьці такія праблемы могуць падацца дробнымі, бо гадавы абарот кампаніі, напрыклад, ў 2014 г. склаў 2,33 млрд фунтаў стэрлінгаў, чысты прыбытак 332,3 млн, а гендырэктарка Burberry стала самай багатай жанчынай Велікабрытаніі ў 2013 г.

Тут самы час пагаварыць пра сваё. Беларусам дасталася ў спадчыну вялікая колькасць арнаментаў на ручніках і посцілках, якія так і просяцца ў сучасную модную вытворчасць. Наша клетка таксама нагадвае нам пра традыцыі і ўтульнасць. Мы таксама недаацэньваем яе патэнцыял.

Няма прычыны для недаверу. Стваральнік кампаніі Burberry і не падазраваў, што менавіта клетка стане сімвалам брэнда.

Кожны квадратны сантыметр нашай спадчыны здольны стаць новым брэндам. Мы крыху спазніліся, затое схема развіцця абкатаная. Прыйшоў час падняць з падлогі золата, што нам пакінулі продкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?