9 студзеня ў кнігарнях Італіі з’явіўся ў продажы новы раман славутага пісьменніка Умберта Эка. Кніга называецца Numero Zero («Нумар нуль»).

Папярэдні раман Эка – «Пражскія могілкі» – выйшаў у 2010 годзе. Цікава, што пасля яго выдання пісьменнік у інтэрв’ю The Paris Review сказаў, што, верагодна, больш не будзе пісаць раманаў. Як бачым, слова не стрымаў.

Дарэчы, у «Пражскіх могілках» згадваецца Мінск. «Гэта Якаб Брафман, выхраст, выкладчык габрэйскай мовы ў Мінскай духоўнай семінарыі. Ён праездам у Парыжы якраз па даручэнні палкоўніка Дзмітрыя, то бок Трэцяга аддзялення», «У мяне ў распараджэнні дакументы мінскага кагалу з 1794 па 1830. Усё запісана. Кожную дробязь запратакаліраваў»,

«Я засумняваўся: ці магчыма, маючы толькі гэтыя дакументы, створаныя бог ведае ў якім далёкім куце Усходняй Еўропы, даказаць на іх падставе магутнасць Сусветнага кагалу?»

У новым рамане Эка звяртаецца не да часоў Фрыдрыха Барбаросы (як у «Баўдаліне»), ці паходаў Гарыбальдзі (як у «Пражскіх могілках). На гэты раз падзеі адбываюцца ў 1990-х у Мілане. Галоўны герой — рэдактар газеты, якая стваралася з мэтай пісаць паклёпніцкія артыкулы на бізнэсмэнаў. Не абыдзецца ў рамане без масонскіх ложаў, замахаў на Папу, а таксама шмат пра італьянскія палітычныя падзеі таго часу.

Умберта Эка 83 гады. Ён вядомы ў Італіі і свеце гісторык, філосаф, семіётык. Свой першы раман — «Імя ружы» — Эка напісаў аж у 48 гадоў. Гэтая кніга прынесла яму сусветную вядомасць. «Нумар нуль» — гэта сёмы раман Эка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?