У Брэсце ўлады забаранілі ўсе пікеты за адстаўку прэзідэнта і супраць фінансавага крызісу ў краіне.

Як паведаміў адзін з заяўнікаў акцый намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Вуек, актывісты і прыхільнікі партыі планавалі 17 студзеня правесці 18 пікетаў. Мэтай акцый было патрабаванне адстаўкі кіраўніка дзяржавы, вінаватага, на думку арганізатараў, у валютна-фінансавым крызісе ў краіне; рэалізацыя Антыкарупцыйнай платформы апазіцыі; папулярызацыя новага эканамічнага курсу, распрацаванага АГП.

«Па чатыры пікеты планаваліся ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і на стадыёне «Лакаматыў», якія вызначаныя гарвыканкамам для такіх мерапрыемстваў. Яшчэ дзесяць — на іншых пляцоўках, у прыватнасці каля буйных гандлёвых аб'ектаў горада. У кожным пікеце планаваліся 20 удзельнікаў», — адзначыў Вуек.

Паводле яго слоў, у правядзенні пікетавання ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і на стадыёне «Лакаматыў» адмоўлена на той падставе, што не выкананыя тэрміны падачы заяў на правядзенне акцый. Астатнія пікеты забароненыя, бо яны планаваліся ў не дазволеных для гэтага ўладамі месцах.

«Я лічу, калі б пададзеныя намі дакументы на гэтыя пікеты і адпавядалі ўсім устаноўленым нормам, чыноўнікі знайшлі б фармальныя прычыны для іх забароны. Улады баяцца акцый пратэсту і робяць усё, каб не дапусціць публічнага выказвання праблем, якія хвалююць жыхароў рэгіёна», — заявіў палітык.

Раней лідар АГП Анатоль Лябедзька паведаміў, што ўлады масава не дазваляюць правядзенне пікетаў 17 і 25 студзеня. Усяго былі пададзеныя 74 заяўкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?