У Міністэрстве будаўніцтва і архітэктуры Беларусі не чакаюць «абвальнага падаражэння» на рынку жылой нерухомасці Беларусі.

Пра гэта гаворыцца ў пісьмовым адказе за подпісам першага намесніка міністра будаўніцтва і архітэктуры Аляксандра Кручанава, які БелаПАН атрымаў на пытанне аб магчымым падаражэнні будаўніцтва жылля ў сувязі з сітуацыяй на валютным рынку. 

У апошняй дэкадзе снежня 2014 года некаторыя забудоўшчыкі, адрэагаваўшы на ўвядзенне 30-працэнтнага збору на куплю валюты, павысілі цэны ў беларускіх рублях на 20—25%. 

Як гаворыцца ў адказе Мінбудархітэктуры, у 2015—2016 гадах плануецца пабудаваць па 5 млн. кв. метраў агульнай плошчы жылых дамоў. «Аб'ём будаўніцтва жылля і яго фінансаванне збалансаваныя пад рэальныя магчымасці і патрэбнасці рэгіёнаў. Прадугледжваецца, што, паколькі няма зніжэння аб'ёмаў будаўніцтва, то абвальнага падаражэння на рынку нерухомасці не чакаецца. Гэта найперш тычыцца грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і маюць па заканадаўстве права на дзяржаўную падтрымку пры будаўніцтве ці набыцці жылля», — зазначаецца ў лісце. 

Пры гэтым указваецца, што для гэтай катэгорыі жыллё будуецца па праектах эканамічных дамоў тыпавых спажывецкіх якасцей з прымяненнем толькі айчынных будаўнічых матэрыялаў, канструкцый і абсталявання. «Што да камерцыйнага жылля, то тут перадусім працуюць рыначныя механізмы, суадносіны попыту і прапановы», — зазначылі ў ведамстве. 

«Што да рэгулявання цэн у будаўнічай сферы, то, па-першае, прадугледжваецца, што індэкс змянення кошту будаўніча-мантажных работ на працягу 2015 года захаваецца на ўзроўні снежня 2014 года і не будзе павялічвацца. Па-другое, распрацавана і дзейнічае сістэма пастаяннага кантролю за коштам айчынных будаўнічых матэрыялаў. Апрача таго, згодна з пастановай урада № 1055 ад 8 лістапада 2014 года, устаноўлены адзіныя межавыя нарматывы кошту 1 кв. метра агульнай плошчы жылога памяшкання як у шматкватэрных жылых дамах, так і для будаўніцтва ў сельскагаспадарчых арганізацыях», — рэзюмуецца ў адказе першага намесніка міністра Мінбудархітэктуры.

Як паведамлялася раней, адзіны межавы нарматыў кошту 1 кв. м агульнай плошчы жылога памяшкання ў 2015 годзе ўстаноўлены ў 6,6 млн. рублёў, а межавы паказчык кошту 1 кв. м агульнай плошчы жылога дома (кватэры) — не вышэйшы за 9,4 млн. рублёў, для выдачы льготнага крэдыту адкрытым акцыянерным таварыствам «Белаграпрамбанк» на будаўніцтва (рэканструкцыю) жылых дамоў (кватэр) у сельскагаспадарчых арганізацыях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0