Адвакатка расейскага салдата Валерыя Пермякова, які прызнаўся ў забойстве армянскай сям'і ў Гюмры, адмовілася яго абараняць.
Грамадская абаронца Тамара Айлаян паведаміла, што не вытрымала прызнанняў забойцы.
Раней Пермякоў прызнаўся ў тым, што забіў шасцярых членаў армянскай сям'і, уключаючы двухгадовае дзіця.
«Рашэнне маё эмацыянальнае. Калі ён пачаў расказваць, як закалоў штык-нажом двух дзяцей, я пакінула памяшканне і не змагла працягнуць працэс. Можа, гэта непрафесійна, але гэта так», — цытуе Інтэрфакс Айлаян, якая выступіла ў суботу ў эфіры мясцовай тэлекампаніі Гюмры.
Армянскаму выданню Aysor.am адвакатка паведаміла, што прысутнічала пры допыце Валерыя Пермякова, асабістым вобшуку і узяцці ўзораў для судова-медыцынскай экспертызы.
«Ён зусім не рабіў уражання псіхічна хворага. Адказваў на пытанні лаканічна, але ў ходзе допыту часам засынаў, мабыць, з-за стомы», — адзначыла Яйлоян.
Паводле яе слоў, Пермякоў не змог адказаць на пытанне, чаму ён забіваў.
12 студзеня ў горадзе Гюмры на поўначы Арменіі былі забітыя шасцёра чалавек — члены адной сям'і, у тым ліку двухгадовае дзіця. Выжыў шасцімесячны Сярожа Авецісян, які з нажавым раненнем у цяжкім стане быў шпіталізаваны.