Галоўны трэнер брэсцкага «Прыбужжа» Пятро Хілько ўзначаліў жаночую нацыянальную зборную Беларусі па валейболе. Ён змяніў на гэтай пасадзе Віктара Ганчарова, які працаваў са зборнай у 2007-2009 і 2010-2014 гадах.

Новы настаўнік жаночай нацыянальнай каманды раней трэніраваў клубы ў Расіі і Азербайджане. Апошнія два гады Пятро Хілько плённа працуе з брэсцкім «Прыбужжам». Гэты клуб пры даволі сціплых магчымасцях у параўнанні з канкурэнтамі з'яўляецца чэмпіёнам і ўладальнікам Кубка Беларусі.

Жаночая зборная ў маі бягучага года правядзе матчы 3-га, заключнага адборачнага раўнда чэмпіянату Еўропы супраць каманды Украіны. Па выніках дзвюх гульняў пераможца прыме ўдзел у фінальнай частцы чэмпіянату Еўропы, які пройдзе ў галандскіх гарадах Ратэрдам, Эйндховен і бельгійскіх Апельдорн, Антверпен з 26 верасня па 4 кастрычніка 2015 года.

У выпадку перамогі над украінкамі беларускі выступяць у групе С разам з камандамі Расіі, Харватыі, Балгарыі.

Раней беларуская зборная 6 разоў прымала ўдзел у фінальнай частцы чэмпіянатаў Еўропы (1993, 1995, 1997, 2007, 2009, 2013). Лепшы вынік — 8-е месца ў 1993 і 1995 гадах. У 2013 беларускія валейбалісткі пад кіраўніцтвам Віктара Ганчарова занялі 12-е месца.

Мужчынская зборная Беларусі па валейболе, якую ўзначальвае Віктар Сідзельнікаў, пераадолела адборачны раўнд чэмпіянату Еўропы і выступіць на кантынентальным форуме з 9 па 18 кастрычніка 2015 года ў Італіі і Балгарыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?