20.01.2015 / 13:25

КС Беларусі лічыць мэтазгодным выдаваць законы на беларускай і рускай мовах 14

Канстытуцыйны суд (КС) Беларусі мяркуе, што заканадаўчыя акты, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, мэтазгодна выдаваць і на беларускай, і на рускай мовах.

belarus.by

Пра гэта заявіў сёння старшыня Канстытуцыйнага суда Беларусі Пётр Міклашэвіч, агучваючы штогадовае пасланне прэзідэнту Беларусі і абедзвюм палатам парламента «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2014 годзе».

«Канстытуцыйны суд мяркуе, што зараз для забеспячэння свабоднага доступу да правасуддзя заканадаўчыя акты, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, мэтазгодна выдаваць на дзвюх дзяржаўных мовах — беларускай і рускай, у адпаведнасці з палажэннямі арт.17 Канстытуцыі аб роўнасці дзвюх дзяржаўных моў», — сказаў Міклашэвіч.

«У нас Канстытуцыя гарантуе роўнасць дзвюх моў … Хто памятае, у савецкія часы ў нас кодэксы складаліся з дзвюх частак. У першай нормы выкладаліся на беларускай мове, а ў другой — на рускай», — растлумачыў журналістам старшыня КС.

Ён дадаў, што Канстытуцыйны суд, прымаючы пасланне, звярнуў увагу на тое, што на дзяржаўным узроўні прымаюцца меры для далейшага развіцця беларускай мовы. Таму ў КС вырашылі, што і ў юрыдычнай сферы таксама трэба зрабіць нейкія захады.

Пётр Міклашэвіч адзначыў, што наяўнасць законаў на дзвюх мовах дапаможа пры неабходнасці весці судаводства на беларускай.

0
Кірыл / Адказаць
20.01.2015 / 13:41
Ды няўжо, падтрымліваю, галоўнае каб на справах, а не на словах
0
Алесь / Адказаць
20.01.2015 / 14:04
Нічога сабе...а што гэта здарылася??
0
Валянцін Стэфановіч / Адказаць
20.01.2015 / 14:27
Цікава, што калі год назад я звяртаўся ў Канстытуцыйны Суд са зваротам на гэтую тэму, тады яны ніякіх праблемаў у адсутнасці заканадаўства на беларусай мове не ўбачылі. Як і не ўбачылі ніякіх праблем і суб'екты, надзеленыя правам ініцыяваць разгляд справы ў Канстытуцыйным Судзе (Адміністрацыя прэзідэнта, абедзьве палаты Нацыянальнага сходу, Савет Міністраў, старшыня Вярхоўнага Суда). Але добра, што нарэшце пра гэта загаварылі, можа будзе нейкі плён.
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру